Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 02 Чэрвень 2017

Улады Віцебскага раёну лічаць несвоечасовым усталяваньне крыжоў у Хайсах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сустрэча прадстаўнікоў улады з грамадзянамі, якія выказалася за ўсталяваньне памятных крыжоў на месцы масавых пахаваньняў ля вёскі Хайсы і падпісаліся за гэта пад зваротам да старшыні аблвыканкаму, адбылася ў залі Мазалаўскага сельскага выканкаму 31 траўня.

Уладу прадстаўлялі намесьніца старшыні Віцебскага райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях Ксенія Карабач, старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна і сакратарка камісіі па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Ірына Тарасава. З боку грамадзкасьці прысутнічалі 22 чалавекі: сябры ініцыятывы «Хайсы», грамадзкія актывісты зь Віцебску і вяскоўцы з Хайсоў ды Дрыкольля.

Сустрэчу пачала Ксенія Карабач, якая адзначыла, што зварот, які заяўнікі накіравалі ў аблвыканкам, быў перададзены Віцебскаму райвыканкаму, бо просьба, якую ён зьмяшчае, знаходзіцца ў кампэтэнцыі раённай улады. Далей яна заявіла, што праца, распачатая 52-ім пошукавым батальёнам на месцы сёлетніх знаходак чалавечых парэшткаў, пакуль ня скончаная, таму пытаньне пра ўсталяваньне крыжа зьяўляецца несвоечасовым. Разам з тым яна адзначыла, што гэтае пытаньне можна лічыць слушным. Аднак пакуль няма заключэньня экспэртызы, якая праходзіць у рамках сьледзтва, і афіцыйныя высновы па выніках раскопак ня зробленыя, казаць пра нейкае ўшанаваньне зарана.

З высновамі Ксеніі Карабач не пагадзілася віцебская актывістка Тацяна Севярынец, што прысутнічала на сустрэчы. Яна ня ўбачыла ў ім лёгікі і заявіла, што ўсталяваньне крыжа ніяк ня будзе замінаць усёй той дзейнасьці, якая вядзецца супрацоўнікамі розных ведамстваў ў межах распачатага дасьледаваньня.

– Гэта месца пакутаў, месца памяці, дзе парэшткі праляжалі дзесяцігодзьдзі. Чаму несвоечасовае? – задала яна пытаньне прадстаўнікам улады.

– Колькі там ужо капаюць? І нікому справы не было, калі косьці валяліся па лесе! Ні міліцыі, нікому! – абурылася жыхарка Дрыкольля Тамара Дзеравянка на папярэджаньне Ксеніі Карабач пра недапушчальнасьць правядзеньня самастойных раскопак.

Невядома, чаму ў каторы ўжо раз з вуснаў прадстаўнікоў улады актывістам даводзіцца чуць такія папярэджаньні, але такія закіды ў іх бок час ад часу робяцца.

Каб зрабіць размову канструктыўнай, адзін з прысутных актывістаў прапанаваў зьезьдзіць у расстрэльны лес разам і знайсьці месца для ўсталяваньня крыжа, якое б задаволіла і прадстаўнікоў улады, і грамадзкасьць – тады крыж ня будзе замінаць супрацоўнікам 52-га батальёну. Аднак прапанова была адрынутая, і прыйсьці да кансэнсусу не атрымалася.

Ня здолелі прадстаўнікі ўлады даць уцямнага адказу і адносна пасіўнасьці дзяржаўных органаў ў справе пошуку датычных да несанкцыянаваных раскопак чорных капальнікаў. Маўляў, яны зьвярталіся ў міліцыю, але тыя ня маюць сродкаў на пошук вандалаў, а пакараньне за такую дзейнасьць нязначнае. Нехта з прысутных не прамінуў зазначыць, што на разгон мірных дэманстрантаў грошай хапае, а на пошук злачынцаў – не.

Кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў паспрабаваў прааналізаваць стаўленьне ўладаў да пахаваньняў, адкрытых у 2014 годзе, і заклікаў да канструктыўнага дыялёгу, які б выходзіў за межы выказанай ў самым пачатку забароны на ўсталяваньне.  Аднак замест дыялёгу пачуў абвінавачаньне ў скажэньні фактаў.

Па сканчэньні сходу ён заявіў нашаму карэспандэнту:

– Яны адмовіліся усталёўваць крыжы, матывуючы гэта тым, што там яшчэ будуць праводзіцца пошукавыя работы, а іх усталяваньне будзе перашкаджаць працы. Але ж гэта лухта.

Яшчэ 4 красавіка мы прасілі ў сваёй ранейшай заяве, каб Віцебскі райвыканкам сам усталяваў памятны крыж, каб гэтае месца было абазначанае, як месца жалобы і смутку па забітых нкусаўцамі грамадзянах.

Ужо насьпела патрэба ўшанаваць іхную памяць, каб туды маглі прыйсьці неабыякавыя людзі, а родныя забітых маглі ўшанаваць, памаліцца і памянуць загінулых. Фактычна, райвыканкам адмовіўся ўсталёўваць крыж, а калі гэта так, то мы самі будзем усталёўваць крыжы на тых месцах, дзе ўжо прайшлі пошукавыя працы, бо гэта наш грамадзянскі абавязак. На могілках – а гэта могілкі, і пахаваньні там паўсюль – заўсёды ставяцца крыжы, калі там пахаваныя хрысьціяне. А паводле хрысьціянскіх канонаў над нябожчыкам абавязкова мусіць стаяць крыж, таму ўсталёўваць крыжы мы будзем абавязкова.

С. Горкі