Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 05 Люты 2017

Віцебскія чыноўнікі стварылі турыстычны буклет Гарадоччыны са шматлікімі хібамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Упраўленьне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму выдала буклет «Гарадоцкі раён». Буклет можна знайсьці сярод інфармацыйных бясплатных матэрыялаў у турыстычна-інфармацыйным цэнтры, які ўрачыста быў адкрыты ў Гарадку напрыканцы 2016 году.

Гэта першы турыстычны буклет пра Гарадоччыну, які зьявіўся для жыхароў і гасьцей паўночна-ўсходняга раёну Віцебскай вобласьці. У час інфармацыйных тэхналёгіяў, калі большасьць турыстаў шукае інфармацыю ў сеціве, карыстаючыся шматлікімі гаджэтамі для вандроўкі ў сацыяльных сетках, па сайтах, выклікае зьдзіўленьне адсутнасьць спасылак на сайты або старонкі абсалютнай большасьці арганізацыяў, прадстаўленых у буклеце. Толькі ў ПУП «Паазер’е» пазначаны сайт, ды яшчэ ёсьць стары сайт Гарадоцкага райвыканкаму. Астатнія 11 арганізацыяў з буклета ня маюць спасылак ані на сайт, ані на старонку ў сацыяльных сетках.

Па-другое, у буклеце ніякім чынам не адлюстраваныя тыя «брэнды», якімі казыраюць супрацоўнікі Гарадоцкага райвыканкаму. Так, на сайце райвыканкаму ў каталёгу «Турызм і адпачынак» адзначаецца, што брэндам раёну зьяўляецца «Зона адпачынку ўрочышча Вараб’ёвы горы». Але пра гэтую «Зону адпычынку» ніякіх згадак у буклеце няма . Мо і правільна, бо «зона» толькі ў хворым уяўленьні некампэтэнтнага чыноўніка можа стаць брэндам.

Пасьля «Дажынак – 2014» адказныя работнікі райвыканкаму сталі казаць і прадстаўляць на абласным узроўні іншы «брэнд» – «Гарадоцкі Парнас». Але ж пра яго таксама няма згадак у буклеце віцебскіх чыноўнікаў. Як няма згадак ані пра самага знакамітага жыхара Гарадоччыны – Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», ані пра мэмарыяльныя знакі ў гонар аўтара паэмы ў Гарадку і Астраўлянах, ані пра помнік самай славутай беларускай паэме XIX стагодзьдзя ў цэнтральным сквэры райцэнтру.

Абышлі ўвагай аўтары буклету і прыродаахоўную установу «Карыценскі мох», якая займаецца даваньнем у арэнду турыстычнага інвэнтару і мае экалягічныя маршруты па тэрыторыі раёну, а таксама ведае мясцовыя заказьнікі і прыродныя помнікі раёну.

Шмат у буклеце і фактычных памылак, адсутнасьць інфармацыі пра даўніну Гарадоччыны. Ізноў тыражуецца памылковая інфармацыя аб лясістасьці Гарадоччыны. Пры наяўнасьці статыстычных дадзеных, што лясістасьць раёну складае 52% і зьяўляецца адной з найвялікшых, у буклеце, як і на сайце райвыканкаму, гаворыцца толькі пра 40% тэрыторыі.

Нічога не гаворыцца ў буклеце, хто кіруе гатэлем «Спартыўны гарадок», ФАКам і лыжаролернай трасай. Але памылкова пішацца пра біятлённае стрэльбішча на лыжаролернай трасе – яно існуе толькі ў дакумэнтах абласных чыноўнікаў, а не ў рэальнасьці.

Абласныя чыноўнікі пішуць пра даты далучэньня Гарадоччыны да Расейскай імпэрыі ў 18 стагодзьдзі, але ніякім чынам ня ўзгадваюць першыя зьвесткі пра Гарадок, як у летапісу пра паход кіеўскіх князёў у 1128 годзе на Полацак, якія ішлі праз Гарадок, ані пра мапу С. Пахалавіцкага 1579 году, дзе быў пазначаны Гарадок...

Відавочна, гэты буклет патрабуе дапрацоўкі, каб ён мог стаць крыніцай аб’ектыўнай, карыснай і патрыятычнай інфармацыі для гасьцей і жыхароў Гарадка.

Паводле: Леанід Гаравы, haradok.info