Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Красавік 2013

Сьледчы камітэт ня стаў узбуджаць крымінальную справу па заяве былога марскога афіцэра

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Заяву на імя старшыні сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Валянціна Шаева жыхар Віцебску Пётар Іваноў дасылаў наконт падзеяў, што адбыліся больш за год таму. Ён прасіў узбудзіць у дачыненьні да асоб у цывільным, якія зьдзяйсьнялі незаконны, на яго думку, агляд яго жытла, крымінальную справу паводле артыкулаў 202 («Парушэньне недатыкальнасьці жытла і іншых законных уладаньняў грамадзян») і 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў») крымінальнага кодэксу.

Старшыня СК Шаеў пераслаў заяву спадара Іванова ў сьледчы камітэт па Віцебскай вобласьці, стуль яна была перанакіраваная ў Кастрычніцкі (гораду Віцебску) райаддзел СК. Менавіта апошні і займаўся праверкай паводле заявы. Вынікам праверкі стала пастанова аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы «ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Віцебскага аблвыканкаму складу злачынства».

Інцыдэнт з аглядам-«ператрусам» адбыўся 7 студзеня 2012 году. Напярэдадні Пётар Іваноў раздаваў улёткі на вуліцах Віцебску ў падтрымку Сяргея Каваленкі, быў затрыманы міліцыянтамі і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Міліцыянты, якія зьдзяйсьнялі затрыманьне, напісалі ў пратаколе, што Пётар Іваноў нібыта заклікаў грамадзян да ўдзелу ў незаконных дзеяньнях. Пазьней зьявіўся новы пратакол, дзе пазначалася іншая прычына затрыманьня: нецэнзурная лаянка. Менавіта за лаянку, а не за раздачу ўлётак, потым і судзілі адстаўнога афіцэра ды пакаралі штрафам у памеры 4-х базавых велічынь.

Як сьцьвярджае Пётар Іваноў, згоды на агляд сваёй кватэры ён не даваў. Падчас агляду прасіў тых, хто яго ладзіў, назваць свае дадзеныя, але тыя адмовіліся. Сам жа агляд, лічыць марскі афіцэр у адстаўцы, рабіўся ў выглядзе ператрусу, бо адчынялі дзьверцы шафаў, капаліся ў рэчах. Пратакол агляду гаспадару жытла не паказалі, копію пратаколу ня выдалі.

Намесьнік начальніка райаддзелу СК Ішчук, чый подпіс стаіць пад пастановай аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, паведаміў аўтару заявы, што супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебску А. Комар і А. Паўлаў, якія зьдзяйсьнялі агляд жытла, дзейнічалі паводле заканадаўства. Перад пачаткам агляду была ўзятая санкцыя пракурора, былі запрошаныя панятыя. Такім чынам, усё нібыта адбывалася ў адпаведнасьці з артыкулам 10.13 працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Артыкул 10.13 ПВКаАП, сапраўды, дапускае правядзеньне агляду жытла з санкцыі пракурора нават бяз згоды ўласьніка ці асобы, якая ў ім пражывае. Але такі агляд ажыцьцяўляецца, толькі калі ёсьць «наяўнасьць дастатковых падставаў меркаваць, што падчас агляду могуць быць выяўленыя сьляды адміністрацыйнага правапарушэньня, іншыя матэрыяльныя аб’екты, высьветленыя іншыя абставіны, што маюць значэньне для справы аб адміністрацыйным правапарушэньні».

Пётар Іваноў быў пакараны судом паводле артыкулу 17.1 КаАП («Дробнае хуліганства») на падставе пратаколу, складзенага супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў, і іх сьведкавых паказаньняў. Афіцэр у адстаўцы нібыта нецэнзурна лаяўся ў публічным месцы. Навошта быў патрэбны «агляд» жытла пры абвінавачаньні паводле такога артыкулу, якія «сьляды адміністрацыйнага правапарушэньня» ці «іншыя матэрыяльныя аб’екты, што маюць значэньне для справы», гэты «агляд» мог бы дапамагчы выявіць, – застаецца загадкай.

Віцебская Вясна