Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 15 Красавік 2013

Судзьдзя Грабоўская засталася беспакаранай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«У ходзе праведзенай праверкі фактаў грубых і непаважлівых адносін да ўдзельнікаў працэсу з боку судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Грабоўскай І. В. ня выяўлена, падстаў для прыцягненьня яе да дысцыплінарнай адказнасьці ня ўгледжваю», – гэтак першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Каржоў адказаў на заяву, якую накіроўваў у згаданае ведамства кіраўнік віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

Леанід Аўтухоў прасіў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі ўзбудзіць дысцыплінарную вытворчасьць у адносінах да судзьдзі Іны Грабоўскай, якая 25 сакавіка вынесла пастанову аб пакараньні яго і ягонага аднапартыйца Кастуся Смолікава адміністрацыйным арыштам за раздачу газэты і ўлётак у гандлёвым цэнтры. Названая пастанова, на думку палітыка, выносілася з парушэньнем дзеючага заканадаўства, суд быў старонным і прадузятым, а судзьдзя не абараніла яго грамадзянскія і палітычныя правы ды законныя інтарэсы.

Леанід Аўтухоў адзначыў у сваёй заяве, што судзьдзя падчас працэсу паводзілася груба і непаважліва ў адносінах да прысутных у судзе грамадзян. Партыйны лідэр таксама прывёў шэраг фактаў парушэньня ёю заканадаўства: выносячы рашэньне, судзьдзя Грабоўская не ўлічыла той акалічнасьці, што ён знаходзіўся пад вартаю больш за 48 гадзін, што супярэчыць частцы 2 артыкулу 11.2 працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях; апроч таго, яму было дадзена не дастаткова часу на пошук адваката і падрыхтоўку сваёй абароны. Таму, мяркуе сябра партыі БНФ, рашэньне, прынятае ў дачыненьні да яго судом, зьяўляецца несправядлівым і не грунтуецца на законе, а судзьдзю Грабоўскую трэба было б пакараць. Аднак у галоўным упраўленьні юстыцыі аблвыканкаму не прыслухаліся да аргумэнтаў палітыка і адмовіліся задаволіць просьбу, выкладзеную ў ягонай заяве.