Друкаваць гэтую старонку
Серада, 19 Чэрвень 2013

Пракуратура выявіла парушэньні заканадаўства аб долевым будаўніцтве жытла

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пракуратура Віцебскай вобласьці Пракуратура Віцебскай вобласьці

Ворганамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праверана выкананьне заканадаўства аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў у камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкаму і мясцовых гаррайвыканкамах. Як паведамілі ў Генэральнай пракуратуры, выяўленыя парушэньні забудоўшчыкамі патрабаваньняў указу прэзыдэнта ад 15 чэрвеня 2006 году № 396 “Аб долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў” і іншых нарматыўных прававых актаў у гэтай сфэры, а таксама недастатковы кантроль з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых ворганаў за правядзеньнем гэтай работы.

Напрыклад, у мэтах выключэньня фактаў прыцягненьня да долевага будаўніцтва нядобрасумленных забудоўшчыкаў заканадаўствам прадугледжаны абавязак па іх праверцы на прадмет наяўнасьці запазычанасьцяў па падатках, зборах (пошлінах) і іншых абавязковых плацяжах у бюджэт. Пракурорская праверка паказала, што такая інфармацыя не заўсёды падавалася забудоўшчыкамі для вывучэньня і аналізу. Мелі месца выпадкі рэгістрацыі дамоваў стварэньня аб’ектаў долевага будаўніцтва пры адсутнасьці гэтых зьвестак. Гэтыя акалічнасьці пры пэўных умовах маглі абцяжарваць дзейнасьць па забесьпячэньні правоў дольшчыкаў у выпадку адхіленьня паказчыкаў фінансавай устойлівасьці забудоўшчыкаў ад устаноўленых нарматываў.

Апрача таго, праектныя дэклярацыі з інфармацыяй аб забудошчыку і праекце будаўніцтва не заўсёды ўтрымлівалі ўсе неабходныя зьвесткі. У прыватнасьці, у некаторых выпадках у гэтых дэклярацыях не былі пададзеныя фактычныя цэны аб’ектаў долевага будаўніцтва. Кошт будаўніцтва пазначаўся ў базысных цэнах 2006 году, г.зн. значна ніжэйшы за рэальны кошт жытла. Тым самым грамадзяне маглі быць уведзеныя ў зман адносна кошту квадратнага мэтра жытла ў будуемым доме.

Выяўленыя факты невыкананьня патрабаваньняў заканадаўства пры рэгістрацыі дамоваў стварэньня аб’ектаў долевага будаўніцтва. Мелі месца выпадкі несвоечасовага ўводу ў эксплёатацыю жылых дамоў, зацягваньня тэрмінаў будаўніцтва, што пацягнула павелічэньне кошту квадратнага мэтра жытла. Дапускалася падаўжэньне тэрмінаў уводу ў эксплёатацыю аб’ектаў долевага будаўніцтва без запатрабаваньня ўсіх прадугледжаных заканадаўствам дакумэнтаў. Належны аналіз праўдзівасьці зьвестак, указаных у заявах аб падаўжэньні тэрмінаў, і абгрунтаванасьці прычын падаўжэньня гэтых тэрмінаў не праводзіўся.

Выяўленыя парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і пры разглядзе заяў дольшчыкаў на будаўніцтва іншых жылых дамоў. Па выніках праверкі пракуратурай Віцебскай вобласьці ў Віцебскі аблвыканкам адпраўленае адпаведнае прадстаўленьне, па выніках разгляду якога прынятыя меры да ліквідацыі выяўленых парушэньняў, вінаватыя службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці.

Крыніца: БелаПАН