Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 27 Снежань 2013

Віцебскага праваабаронцу не пусьцілі на паседжаньне па ўтварэньні выбарчай камісіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

26 сьнежня прадстаўніка рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт» Леаніда Сьвеціка не дапусьцілі на сумеснае паседжаньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту і Прэзыдыюму Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў па ўтварэньні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў горадзе Віцебску. Фармальнай прычынай нядопуску на паседжаньне стала адсутнасьць Леаніда ў сьпісе запрошаных.

Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь вызначана, што падрыхтоўка і правядзеньне выбараў ажыцьцяўляюцца адкрыта і галосна. Апроч таго, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» дазваляе прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў прысутнічаць на паседжаньнях выканаўчых і распарадчых органаў улады. Аднак патрабаваньне закону не было ўзятае ўладамі пад увагу – яны вырашылі не запрашаць праваабаронцу на паседжаньне гарадзкога выканкаму і прэзыдыюму Савету дэпутатаў.

«Ужо на стадыі фармаваньня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ўлады пайшлі на відавочныя парушэньні патрабаваньняў дзеючага Выбарчага кодэксу краіны – не забясьпечылі адкрытасьць выбарчага працэсу. Таксама ўлады груба патапталі маё палітычнае права – непасрэдна і асабіста браць удзел у вядзеньні дзяржаўных спраў. Таму няма больш ані жаданьня, ані сэнсу далей назіраць за гэтымі “выбарамі”», – сказаў Леанід Сьвецік.