Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 30 Сакавік 2014

Добраўпарадкоўваць Гарадок перад «Дажынкамі» будуць студэнты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская арганізацыя ГА БРСМ паведамляе, што на добраўпарадкаваньне райцэнтру да «Дажынак» накіруюць адмысловыя будатрады. Чакаецца, што лета ў Гарадку будзе гарачае: старшыня Віцебскага аблвыканкаму запатрабаваў, каб да 1 верасьня ўсе рамонтныя працы былі скончаныя.

Цяпер у райцэнтры — будаўнічы аўрал. Тут рыхтуюцца да «Дажынак-2014», хоць фармат мерапрыемства ніхто афіцыйна ня вызначыў. Летась абвяшчалі, што Гарадок стане «сталіцай» рэспубліканскага сьвяткаваньня. Аднак сёлета 10 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памяняў фармат правядзеньня рэспубліканскага фэстывалю-кірмашу, і цяпер яго будуць праводзіць у Палацы рэспублікі.

Так што ў Гарадку чакаюць сьвяткаваньня хаця б на абласным узроўні, бо размах пераўтварэньняў з разьлікам на вялікія бюджэтныя сродкі даводзіцца звужаць ужо на хаду, а гэта прымушае задумацца: ці здолеюць тут адбудаваць усё, што ўжо разбурылі?

Ад аўтастанцыі, прыкладам, пакінулі толькі сьцены, і цяпер яе практычна будуюць нанова. Такі самы лёс напаткаў і Дом рамёстваў — гістарычны будынак, узьведзены напрыканцы 19-га — на пачатку 20 стагодзьдзя. Распачата рэстаўрацыя цэнтральнай плошчы і мэмарыяльных могілак, дзе пахаваныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, рамантуюцца гарадзкі дом культуры і райвыканкам, мноства жылых дамоў. А таксама дарога ў Гарадок з боку Віцебску.

Колькі грошай будзе выдаткавана на добраўпарадкаваньне райцэнтру да «Дажынак», улады так і не сказалі. Але ўжо шырока абвешчана, што сродкі на абнаўленьне Гарадка трэба ашчаджаць. Таму на дапамогу адмыслоўцам-будаўнікам кінуць студэнцкія будатрады. А мясцовым жыхарам загадана прыводзіць свае дамы ў парадак самастойна: падчас капітальнага рамонту шматпавярховікаў людзі мусяць паставіць новыя рамы за ўласны кошт, а хто жыве ў прыватных хатах, мусяць таксама ўласнымі сіламі ўпарадкаваць панадворкі. Альбо шукаць памочнікаў ці фундатараў. Напрыклад, пэнсіянэрам мясцовыя ўлады раяць зьвяртацца на прадпрыемствы, дзе тыя рабілі раней.

«Кватэрнае пытаньне» ў Гарадку цяпер набыло своеасаблівы зьмест: паколькі цяпер тут шмат прыежджых будаўнікоў, жытло якім наймаюць іхныя арганізацыі, то рэзка падскочылі кошты на найманыя кватэры. Мясцовыя жыхары спрабуюць падзарабіць хаця б на гэтым. А міліцыя, у сваю чаргу, занепакоеная імавернасьцю раскраданьня будматэрыялаў. Таму на апошнім паседжаньні райвыканкаму гэтую праблему разглядалі асобна. І пастанавілі зьвярнуцца непасрэдна да мясцовых жыхароў — каб тыя адразу паведамлялі ў праваахоўныя органы, калі заўважаць злодзеяў.

Яшчэ адна мясцовая навацыя — гэта прапанова Віцебскага аблвыканкаму ня зносіць пустыя хаты ў Гарадоцкім раёне, а запрасіць туды людзей на сталае месца жыхарства. Перавагу абяцаюць аддаваць шматдзетным сем’ям ды іншым катэгорыям грамадзян, якія маюць матэрыяльныя цяжкасьці. Хаты абяцаюць раздаваць бясплатна, спадзеючыся, што новыя насельнікі пойдуць рабіць у мясцовую сельскую гаспадарку, дзе бракуе кадраў.

Крыніца: Радыё Свабода