Друкаваць гэтую старонку
Серада, 02 Красавік 2014

У намесьніка генэральнага дырэктара «Віцебскэнэрга» арыштаваная маёмасьць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падчас праведзеных сьледчых дзеяньняў паводле крымінальнай справы ў дачыненьні да намесьніка генэральнага дырэктара РУП “Віцебскэнэрга” накладзены арышт на маёмасьць абвінавачванага агульным коштам каля паўтара мільярда рублёў, паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасьцю Сьледчага камітэту Беларусі.

Арыштаваныя ў тым ліку грашовыя сродкі, аўтамабіль, катэдж у Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці і іншая маёмасьць.

На пачатку сакавіка Сьледчым камітэтам была распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да намесьніка гендырэктара РУП “Віцебскэнэрга” па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі на ранейшым месцы працы. Падставай паслужылі матэрыялы праверкі, праведзенай УБЭЗ упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму і Віцебскага раённага аддзелу ўнутраных спраў.

Сьледзтвам было выяўлена, што абвінавачваны, працуючы на пасадзе дырэктара аграрнага прадпрыемства Віцебскай вобласьці, выкарыстаў у асабістых мэтах сродкі і будматэрыялы, якія прызначаліся для рэканструкцыі аб’ектаў прадпрыемства. Падрадная кампанія, якая выконвала будаўніча-мантажныя работы на прадпрыемстве, адначасова ўзводзіла асабісты катэдж службовай асобы за кошт сродкаў і будматэрыялаў, якія прызначаліся для аб’ектаў прадпрыемства. Апрача таго, у рамках дамовы з прадпрыемствам абвінавачваны падпісаў дакумэнты аб прымяненьні павышальнага каэфіцыенту выплат будаўнічай арганізацыі з фондаў прадпрыемства.

У выніку неправамерных дзеяньняў дырэктара аграрнаму прадпрыемству нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры — больш за 10 млрд. рублёў.

Службовай асобе выстаўленае абвінавачваньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК). У сакавіку была канфіскаваная маёмасьць абвінавачванага амаль на 600 млн. рублёў. Прымененая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Крыніца: БелаПАН