Друкаваць гэтую старонку
Субота, 24 Красавік 2021

Суды працягваюць дыскрымінаваць грамадзянаў па палітычных матывах

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

15 красавіка суддзя суду Першамайскага раёну Віцебску Наталля Карабліна адмовіла віцяблянцы Таццяне Івановай у задавальненні хадайніцтва ў адтэрміноўцы аплаты адміністрацыйнага штрафу. Штраф быў прызначаны суддзёй Карабліной за пікет, які правяла Іванова «шляхам вывешвання на лоджыі сваёй кватэры герба «Пагоня» на фоне бел-чырвона-белага сцяга».

Таццяна Іванова звярнулася ў суд з просьбай аб шасцімесячнай адтэрміноўцы выканання пастановы аб накладанні на яе адміністрацыйнага штрафу ў памеры 580 рублёў. Аргументамі для падачы хадайніцтвы стала тое, што сума штрафу ў паўтара раза больш, чым месячны даход жанчыны, а таксама тое, што ў яе на ўтрыманні знаходзяцца малалетнія дзеці 5-ці і 10-ці гадоў.

У судзе пацвердзілася, што на Іванову сапраўды накладзены штраф за пікетаванне ў памеры 580 рублёў, што яна працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка спецыялістам па працы з кліентамі, зарабляючы штомесяц каля 380 рублёў, што складае 1,6 сумы штрафу. Пацверджана таксама наяўнасць ў яе двух малалетніх дзяцей.

Разгледзеўшы зварот актывісткі, суддзя Наталля Карабліна вырашыла, што, «нягледзячы на наяўнасць на ўтрыманні 2-х малалетніх дзяцей, дастатковых падставаў для адтэрміноўкі выканання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу па пастанове суддзі суду Першамайскага раёну Віцебску ад 28.01.2021 Іванова не мае». На погляд суддзі, «Іванова мае рэальную магчымасць выплаты штрафу ў тэрміны, прадугледжаныя Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях».

Таксама суддзя Карабліна не палічыла патрэбным прапанаваць Івановай скарыстацца правам растэрмінаваць выплату сумы штрафу на 6 месяцаў .

«Гэта далёка не адзіны выпадак, калі віцебскія суды адмаўляюць грамадзянам у рэалізацыі права на атрыманне адтэрміноўкі ці растэрміноўкі аплаты адміністрацыйных штрафаў. Калі гэта звязана з тым, што людзі выказвалі свае палітычныя погляды падчас і пасля выбараў прэзідэнта, то мы маем недапушчальную дыскрымінацыю грамадзян па палітычных матывах», - выказаў сваю думку праваабаронца Леанід Свецік.

Міхась Пісараў