Друкаваць гэтую старонку
Субота, 17 Сакавік 2018

“Тут і здароваму чалавеку цяжка”. Ці магчыма ў Віцебску знайсьці працу чалавеку з псыхічнымі парушэньнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Падчас сустрэчы. Эмацыйны выступ Паўла Левінава Падчас сустрэчы. Эмацыйны выступ Паўла Левінава

Ці можа чалавек з псыхічнымі парушэньнямі знайсьці працу ў Віцебску, каб жыць самастойна і адчуваць сябе паўнавартасным грамадзянінам? На гэтае пытаньне спрабавалі адказаць удзельнікі круглага стала, які адбыўся 14 сакавіка ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Віцебску.

У абмеркаваньні праблемы ўзялі ўдзел дырэктар Офісу па правох людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі, каардынатар праектаў прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Натальля Стасевіч, праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў, прадстаўнікі Віцебскага клюбнага дому “Крылы Надзеі”, тэрытарыяльнага Цэнтру, мэдычных устаноў Віцебску, людзі з псыхічнымі захворваньнямі.

“Чалавек трапляе на рынак працы. І што далей?..”

На пачатку сустрэчы дырэктар ТЦСАН Першамайскага раёну Віцебску Вольга Гурчанка прызналася, што праблема працаўладкаваньня людзей з мэнтальнымі адхіленьнямі вельмі балючая: “Ёсьць нявырашаныя пытаньні і ў нашым цэнтры, і не таму, што мы ня хочам іх вырашаць. На тое ёсьць аб’ектыўныя прычыны…”

Сустрэчу адкрыла Вольга Гурчанка

“Аб’ектыўныя прычыны” – тут найперш шматлікія абмежаваньні ў заканадаўстве. І гэтая праблема мае ў Беларусі сыстэмны характар.

Як распавяла загадчыца аддзелу дзённага знаходжаньня для інвалідаў ТЦСАН Яна Шляхто, цэнтар у поўным аб’ёме выкарыстоўвае магчымасьць працаўладкоўваць людзей па праграме адаптацыі інвалідаў. Сьцьвярджае, што іх падапечныя вельмі заматываваныя на працу і занятасьць. Але праходзіць год, тэрмін праграмы заканчваецца – і людзі сутыкаюцца са сьцяной незапатрабаванасьці.

“Ён ужо сацыялізаваны, адаптаваны, паўнавартасны супрацоўнік. І вось ён трапляе на рынак працы. І што далей? У цэнтры занятасьці для яго нічога няма…” – распавядае Яна Шляхто.

“Замежны досьвед тут папросту не працуе…”     

Псыхоляг Віцебскага клюбнага дому “Крылы надзеі” Вера Лабейка таксама кажа, што арганізацыя “ў нашым горадзе і ў нашых рэаліях сутыкаецца зь вялікімі цяжкасьцямі”.

Выступае Вера Лабейка ("Крылы Надзеі")

“Гэта сытуацыя, дзе замежны досьвед, такі для нас важны і цікавы, папросту не працуе. Маю на ўвазе рэаліі заканадаўства, а таксама няпростую эканамічную сытуацыю ў Беларусі, і асабліва ў Віцебску. Тут і здароваму чалавеку, з двума ці трыма вышэйшымі адукацыямі, складана знайсьці працу. Што тады казаць пра людзей з псыхічнымі захворваньнямі!” – гаворыць Вера Лабейка.

Пра тое, наколькі карысная праца віцебскіх “Крылаў Надзеі”, кажа ўрач-экспэрт Віцебскай спэцыялізаванай псыхіятрычнай МРЭК Лілія Лапухова: “Бачу па сваіх пацыентах. Чалавек, які прыходзіў прыгнечаны і не падымаў раней нават вачэй, цяпер, пасьля клюбнага дому, прыходзіць і пасьміхаецца. Гэта як цуд!”

Паводле словаў Веры Лабейкі, ужо цягам году, іх падшэфныя (касьцяк – 15 чалавек) аніводнага разу не шпіталізаваліся. За год былі працаўладкаваныя чатыры чалавекі, у тым ліку ў ТЦСАН. Але статут арганізацыі не дазваляе арганізоўваць нават часовых працоўных месцаў.

Акрамя таго, у самога клюбнага дому зараз ёсьць праблемы. “Крылы Надзеі” пачыналі працаваць на базе тэрытарыяльнага цэнтру, і гэта было вельмі арганічнае і карыснае супрацоўніцтва. Але празь некаторы час зьявіліся  пытаньні у кантралюючых органаў: ТЦСАН юрыдычна ня меў права даваць прытулак клюбнаму дому. Заканадаўства – зноў супраць. Цяпер “Крылы Надзеі” шукаюць новае памяшканьне і маюць з гэтым праблемы.

“Калі няма возера, хоць пяць вудачак давай – рыбы ня будзе”

Тэму недапасаванасьці заканадаўства да патрабаваньняў часу працягвае Лілія Лапухова. На яе погляд, кажучы пра працаўладкаваньне людзей з псыхічнымі захворваньнямі, важна мець канчатковую мэту. Але дасягнуць яе перашкаджаюць бар’еры, якія ўзьнікаюць ужо на стадыі прафэсійнага навучаньня. Маем у вобласьці ўсяго тры навучальныя ўстановы (Віцебск, Полацак, Ула), якія павінны даваць гэтым людзям спэцыяльнасьць, але ахапіць адукацыяй усіх інвалідаў ня могуць.

Лілія Лапухова і Павал Левінаў 

“І яшчэ праблема. Скончыў чалавек ліцэй, атрымаў спэцыяльнасьць, а на прадпрыемства цябе прыняць не гатовыя. Нават на тыя, дзе прадугледжаная праца людзей з інваліднасьцю, бо ў іх вельмі жорсткія нормы і патрабаваньні, і некаторыя проста ня ў стане іх вытрымаць, выпрацаваць гэтыя нормы”, – распавяла Лілія Лапухова.

“Вось прыклад таго, што ўсе сфэры разьдзеленыя платамі – мэдыцына, адукацыя, сацыяльная сфэра. І апынаецца, што мы зварылі тое, што потым ніхто ня есьць. Дык пытаньне: чаму мы рыхтуем тое, што непатрэбна? Чаму кожны за сваім плотам? Куды ісьці і з кім размаўляць”, – пыталася на гэта прадстаўніца Эўразьвязу Натальля Стасевіч.

Прадстаўніца ЭЗ Натальля Стасевіч падчас выступу

Праваабаронца Павал Левінаў заўважыў, што добра было б гэтыя пытаньні адрасаваць цяперашняй дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Тацяне Старынскай, былому дырэктару тэрытарыяльнага цэнтру Першамайскага раёну. Супрацоўнікі цэнтру запэўнілі, што Тацяна Аляксандраўна іх часта наведвае і дапамагае парадамі. І каб была на круглым стале, сказала б, што людзям трэба даваць вуду, а ня рыбу.

“І гэта слушна. Але сыстэма міжведамаснага ўзаемадзеяньня не наладжаная. Што можа быць той вудай? Падрыхтоўка і адукацыя. Ідэальна – стварэньне ўмоваў на працоўных месцах. Зараз гэта ёсьць, але адзінкава. А каб гэта працавала, то, паверце, людзі з мэнтальнымі парушэньнямі маглі б даць моцны эканамічны выхлап. А так, на сёньня, утрыманьне аднаго чалавека ў доме-інтэрнаце каштуе каля 500 рублёў на месяц. Дык чаму б нам не перавучыць гэтых людзей?..” – выказала меркаваньне Яна Шляхто.

 Яна Шляхто (справа)

“Вяртаючыся да вуды, не забываем, што, акрамя вудачкі, недзе непадалёку павінна быць возера, а ў ім – рыба. А калі няма возера – хоць пяць вудачак давай, выніку ня будзе”, – зазначыла на гэта Натальля Стасевіч. І заклікала разглядаць рэчы з пункту гледжаньня ўнівэрсальных каштоўнасьцяў правоў чалавека.

Галоўны бар’ер – у чалавечых стасунках

Сяргей Драздоўскі гаворыць, што працаўладкаваньне людзей з інтэлектуальнымі і псыхічнымі парушэньнямі – гэта верхавіна і найважнейшы фактар іх незалежнага пражываньня па-за межамі мэдычных устаноў (дэінстытуалізацыі). Але ў Беларусі з гэтым шмат праблем і бар’ераў. Ці не галоўны зь іх – бар’ер у чалавечых стасунках.

Выступае Сяргей Драздоўскі

Паводле дасьледаваньняў, беларускае грамадзтва ў стаўленьні да людзей з псыхічнымі парушэньнямі расколатае напалам. Каштоўнасьці інклюзіўнага грамадзтва падтрымлівае толькі 51% насельніцтва. І аж 43% (!) выступаюць за ізаляцыю ад грамадзтва людзей з псыхічнымі парушэньнямі. Не такія ўжо мы і талерантныя, аказваецца.  

“Але наўрад ці гэтыя людзі ведаюць статыстку Сусьветнай Арганізацыі аховы здароўя аб тым, што кожны чацьвёрты чалавек у сьвеце, у той ці іншай ступені, мае праблемы з псыхічным здароўем”, – зазначае дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю.

Сяргей Драздоўскі запэўнівае, што дэінстытуалізацыя – гэта не гвалтоўнае навешваньне замкоў на дамы-інтэрнаты, як некаторыя думаюць. Наадварот: гэта стварэньне такіх умоваў у грамадзтве, у якіх чалавеку проста не прыйшлося б адпраўляцца ў інтэрнат на сталае месца жыхарства. І гэта не выключае наяўнасьці і дзейнасьці спэцыялізаваных клінік і ўстаноў.

Падчас сустрэчы

У сувязі з тым, што наша краіна падпісала ў 2015 годзе Канвэнцыю аб правох інвалідаў, у Беларусі ўжо зацьверджаны плян імплемэнтацыі (нацыянальных дзеяньняў), які ўтрымлівае шмат інавацыяў, паведаміў Драздоўскі. Плянам, у прыватнасьці, прадугледжваюцца захады па ўдасканаленьні заканадаўства, гаворыцца ў ім і пра стварэньне спэцыялізаваных майстэрняў, сацыяльных прадпрыемстваў і г.д. У парлямэнце, дарэчы, разглядаецца ўжо праект зьменаў у закон, якія мусяць на юрыдычным узроўні вырашыць праблему дзеяздольнасьці людзей з псыхічнымі парушэньнямі.  

“А вось што да ўмоваў узаемадзеяньня дзяржавы, грамадзтва і астатніх сэктараў, усе нашыя намаганьні, шчыра кажучы, пакуль безвыніковыя. Якім чынам яе забясьпечыць? Гэта пакуль праблема. І вось над чым трэба працаваць”, – падсумаваў Сяргей Драздоўскі.

Сустрэча ў Віцебску прайшла ў межах інфармацыйнай кампаніі “Дэінстытуалізацыя як магчымасьць прасоўваньня правоў чалавека з інваліднасьцю з інтэлектуальнымі і/альбо псыхічнымі парушэньнямі ў Беларусі”, якую ладзіць Офіс па правох людзей з інваліднасьцю.

Зьміцер Міраш, фота аўтара     

2 камэнтары