Друкаваць гэтую старонку
Субота, 28 Сакавік 2015

У Глыбокім адзначылі Дзень Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сьвяткаваньне пачалося з прэзэнтацыі кнігі вершаў «Шурпатая дарога» Віктара Сікоры, сына слыннага садавода Івана Сікоры з Малых Алашкаў. Гэтую кнігу вершаў, менавіта да Дня Волі, саматужна, у колькасьці 25 асобнікаў, цягам ночы, выдрукаваў на прынтары і сшыў Зьміцер Лупач.

Віктар Сікора ў 1942 годзе паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю, у якой выкладаў Барыс Кіт. Зь вясны 1944 году сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. Улетку 1944 году – на падпольнай працы. Вясной 1945 году арганізаваў антысавецкі партызанскі атрад. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 года, вязень ГУЛАГу. У Беларусь вярнуўся напрыканцы 1954 году. Жыў у вёсцы Малыя Алашкі ля Шаркоўшчыны. Пісаў патрыятычныя вершы. Памёр 1 ліпеня 2008 году.

Прэзэнтацыя кнігі «Шурпатая дарога» Віктара Сікоры, апавядае Ада Райчонак, якая асабіста знала паэта.

Цяпер мясцовыя шаркоўшчынскія грамадзкія актывісты, найперш Язэп Квач, які дасьледаваў рукапісны архіў В. Сікоры, са сшыткаў вершаў Віктара Сікоры зрабілі кнігу, вершы падрыхтавала да друку і апрацавала падсьвільская паэтка Марыя Баравік.

На прэзентацыі кнігі ў Глыбокім выступілі Язэп Квач і Ада Эльеўна Райчонак, якая асабіста знала ня толькі Віктара Сікору, але і яго бацьку Івана Сікору, слыннага беларускага садавода. Было прачытана колькі вершаў паэта. Усе прысутныя атрымалі па кнізе вершаў Віктара Сікоры.

Саматужнае выданьне «Шурпатай дарогі».

В. Сікора
* * *
Мы зь мёртвых паўстанем,
У шэрагі станем,
У бітву мы пойдзем
I долю там знойдзем.
За люд наш бяздольны
Усе мы супольна,
За нашу Радзіму.
За хату, сялібу.

Гэй, люд беларускі!
Спаць хопіць, прачніся!
Мёртвыя клічуць,
Змагацца бярыся!

Потым усе прысутныя рушылі з кветкамі да Алеі Славы, дзе да помніку аднаму з айцоў БНР Вацлаву Ластоўскаму былі ўскладзеныя кветкі. Далей, на Копцеўскім цьвінтары, былі ўскладзеныя кветкі на магіле Альбэрта Бацяноўскага, студэнта Глыбоцкай пэдвучэльні, сябра падпольнай арганізацыі Саюзу Беларускіх Патрыётаў, вязьня ГУЛАГу.

Кветкі да помніка Вацлаву Ластоўскаму ўскладае Ада Райчонак.

Юля Бука ўскладае кветкі на магілу Альбэрта Бацяноўскага.

А на заканчэньне грамада рушыла да дому па вул. Горкага, 22, на якім усталяваная шыльда яшчэ аднаму айцу БНР Клаўдыюшу Дуж-Душэўскаму, аўтару бел-чырвона-белага сьцягу. Кветкі да шыльды паклаў цяперашні гаспадар дому спадар Салодкі.

Глыбачане ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай шыльды Клаўдыю Дуж-Душэўскаму. На заднім пляне ў клятчатай кашулі – цяперашні гаспадар дому спадар Салодкі.

Крыніца: «Наша Ніва»