Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Май 2023

Прыхільніца «русского мира» Мірсалімава абяцае 9 траўня раздаваць георгіеўскія стужкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебская прарасейская актывістка запрашае гараджан далучыцца да акцыі «Бессмертный полк». Яе арганізатары паведамляюць, што віцябляне могуць прайсці з партрэтамі сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – у асобнай калоне падчас афіцыйнага гарадскога ўрачыстага шэсця. Эльвіру Мірсалімаву не задавальняе, што сімвалам свята перамогі падчас дзяржаўных імпрэзаў стала чырвона-зялёная бутаньерка з белай яблыневай кветкай, і таму яна анансавала раздачу георгіеўскіх стужак. Паведамляючы пра гэта ў сацыяльных сетках, жанчына усяляк падкрэслівае, што яе прынцыповая пазіцыя ў гэтым пытанні не супадае з пазіцыяй уладаў. Аднак і летась, і раней міліцыя нават увагі не звярнула на тое, што адбываецца нешта, што выходзіць за «ідэалагічныя межы» святкаванняў. Дарма параўноўваць, што сталася б з ахвотнымі раздаць у цэнтры Віцебску стужкі ў колерах беларускага нацыянальнага сцяга...

Больш за тое: Мірсалімава паведамляе, што ў сацыяльных сетках праходзяць акцыі па падтрымцы «гвардзейскай» сімволікі – так яна называе георгіеўскія стужкі. Адпаведна, супрацоўнікі міліцыі, актыўна караючы за «пікетаванні ў інтэрнэце шляхам размяшчэння выяваў» у беларускіх нацыянальных колерах, падкрэслена не заўважаюць падобных «масавых акцый». Прынамсі, за такое яшчэ нікога не пакаралі паводле арт. 24.23 КаАП. Зрэшты, і ў сацыяльных сетках самой актывісткі поўна фотаздымкаў і з георгіеўскай стужкай, і з расейскім сцягам. Але гэта не турбуе міліцыянтаў, якія актыўна палююць на інтэрнэт-карыстальнікаў, якія размясцілі на сваіх здымках выяву украінскага дзяржаўнага сцяга. "Трыдыцыйнае" пакаранне за гэта - 15 сутак арышту.

Спрабуючы падагрэць інтарэс да тэмы, Эльвіра Мірсалімава нават прайшлася па горадзе і сфатаграфавала плакаты да Дня Перамогі, размешчаныя ў вітрынах крамаў, на уваходзе ў розныя ўстановы і гд. На думку актывісткі, выяваў, дзе прысутнічае георгіеўская стужка, недаравальна мала. І яна лічыць гэта здрадай ідэалам Перамогі.

Адданая аматарка «русского мира» таксама папярэджвае, што да ўдзельнікаў калоны «Бессмертного полка» арганізатары гарадскога шэсця могуць паставіцца неадназначна: паспрабаваць развесці людзей па іншых калонах, адсунуць іх «да нейкіх раённых або вытворча-карпаратыўных» шэрагаў і гд. Мірсалімава раіць не паддавацца на такія правакацыі і ў любым выпадку цішком вяртацца пад банэр з георгіеўскай стужкай і надпісам «Бессмертный полк».

Таццяна Віктарава