Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Люты 2023

«Патрыёты Беларусі» распачалі сваю дзейнасць у Наваполацку са спаборніцтваў па стральбе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Наваполацкая гарадская арганізацыя РГА «Патриоты Беларуси» была створана ў чэрвені мінулага году. На ўстаноўчым сходзе было абвешчана, што структура «ставіць перад сабою мэту пабудовы незалежнай, моцнай, стабільнай і квітнеючай краіны». Працаваць дзеля гэтай мэты ў Наваполацку пагадзіліся каля 100 чалавек – менавіта столькі чальцоў мае гарадская арганізацыя. І першай самастойнай імпрэзай, ініцыяванай наваполацкімі «патрыётамі Беларусі», стала спаборніцтва па кулявой стральбе з малакаліберных вінтовак.

Якім чынам гэта спрыяе курсу на будаўніцтва стабільнай і квітнеючай краіны, застаецца незразумелым. Але ўдзельнікам настолькі спадабалася страляць па мішэнях, што яны вырашылі праводзіць такія спаборніцтвы штогод. А магчыма, у будучыні арганізаваць і турнір па шашках.

Дагэтуль наваполацкія прадстаўнікі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі займаліся тым, што далучаліся да папулісцкіх ініцыятываў гарадскіх уладаў. Прыкладам, разам з чыноўнікамі гарсавета і гарвыканкама віншавалі ў радзільні мам і немаўлят, што нарадзіліся 15 студзеня, у дзень заснавання Віцебскай вобласці. Таксама ўзялі ўдзел у абласным патрыятычным злёце «Кто, если не мы!» Ніякіх канкрэтных справаў мясцовай структуры РГА «Патриоты Беларуси», накіраваных на паляпшэнне жыцця хаця б у Наваполацку, не кажучы ўжо пра ўсю Беларусь, не заўважана.

Тым часам кіраўнік, намеснік дырэктара Наваполацкага КУП «Жыллёва-рамонтная эксплуатацыйная арганізацыя» Леанід Кулажанка, зрабіўся адным з праўладных «спікераў», да якіх звяртаюцца дзяржаўныя СМІ, калі ўдаюць трансляцыю ідэалагічных пасылаў за меркаванні простых людзей.

«Мне, как человеку, неравнодушному и глубоко интересующемуся этим направлением, не понятны и даже несколько возмутительны события, которые происходят вокруг нашей страны. Ведь что мы наблюдаем? История нашего народа, его героического подвига переписывается, перечеркивается, меняется «инь» и «янь», – так выказаўся спадар Кулажанка наконт захавання гістарычнай праўды ў Беларусі.

Міхась Хмара