Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 29 Студзень 2023

Барыс Хамайда: «Няхай ведаюць, што я жывы, і Беларусь жывая!»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Найстарэйшага віцебскага апазіцыйнага актывіста па-ранейшаму можна сустрэць каля «сіняга дома», як і 10, і нават 20 гадоў таму. Раней у гэтым месцы ён ладзіў пікеты разам з сябрам-аднадумцам Уладзімірам Плешчанкам, потым распаўсюджваў незалежныя выданні, у апошнія гады – прапаноўваў мінакам беларускамоўныя кнігі з прыватнай бібліятэкі і ахвяраваныя сябрамі. Цяпер 75-гадовы Барыс Ханонавіч проста сядзіць на раскладным зэдліку, назірае за жыццём гораду і размаўляе з даўнімі знаёмцамі, якіх у яго не адна тысяча. Пры ім заўсёды пляцак і тэрмас з гарачай гарбатай. А галоўнае – аўтарытэт у асяродку гараджан, для якіх ён стаў сімвалам нескаронасці.

Раней фарпост Барыса Хамайды пазнавалі па бел-чырвона-белым парасоне і століку з раскладзенымі газетамі і часопісамі, а цяпер ці не кожны віцяблянін ведае яго проста ў твар. «Калі людзі бачаць, што я тут, яны ведаюць: я жывы, і Беларусь жывая!», – гаворыць Барыс Хамайда.

Да «сіняга дома» ён выходзіць практычна штодня, як і ў мінулыя гады. Гараджане бачаць яго ў гэтым месцы з 1997г. «Выспу свабоды» яны заснавалі ўдвох з Уладзімірам Плешчанкам, а пасля таго, як сябар адышоў у лепшы свет, Барыс Хамайда працягвае агульную справу адзін.

Да 2020г. актывіст і віцебскі дысідэнт пачынаў свой «працоўны дзень» з «наладкі абсталявання»: замацоўваў бел-чырвона-белы парасон, вывешваў вышыванку з малітвай «Ойча наш», раскладаў столік … Усю бел-чырвона-белую атрыбутыку ў спадара Барыса канфіскавала міліцыя, абвінаваціўшы распаўсюдніка незалежнага друку ў несанкцыянаваным пікетаванні. Аднак ён не скарыўся: працягваў выходзіць да «сіняга дома» са стосам беларускіх кніг, якія ашчадна раскладаў на посцілцы і раздаваў мінакам, калі яны нешта ўпадабалі. Але і ў гэтым супрацоўнікі міліцыі ўбачылі крамолу: тройчы яны забіралі кнігі нібыта дзеля «праверкі на экстрэмізм», але ніводнай з іх да гаспадара такі і не вярнулася.

Не знаходзячы падставаў для пакарання, міліцыянты апошнія разы нават не складалі пратаколаў на Барыса Хамайду – проста адпускалі праз 3 гадзіны з ушчуваннямі: «Спыніцеся, навошта гэта патрэбна». Але спыніць нязломнага Барыса Ханонавіча аказалася немагчымым. За доўгія гады ён стаў увасабленнем свабоды ў Віцебску, і гэта разумеюць усе, хто прызвычаіўся бачыць каля «сіняга дома» сівабародага мужчыну з годным позіркам.

Таццяна Віктарава