Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 08 Студзень 2023

У Віцебску прапануюць адзначыць Раство са зброяй у руках

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі (мясцовая назва «Парк Мазурына») віцяблянам прапануюць узяць удзел у мерапрыемстве «На Мазурынскай палянцы». Новы год і Раство там будуць адзначаць на «сапраўднай франтавой ёлцы». Ахвотныя змогуць пазнаёміцца з «узбраеннем і рыштункам часоў Вялікай Айчыннай вайны», з «бытам партызанскага атраду», і ўсё гэта – з удзелам у праграме Дзеда Мароза і Снягуркі. Яшчэ ніколі ў Віцебску святкаванне Божага Нараджэння не суадносілі з вайсковым побытам і ўжываннем зброі.

Адпаведны антураж на «сапраўднай франтавой ёлцы» будуць ствараць ААТ «Веста» (гэта сетка харчовых крамаў) і 103 мабільная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада Узброеных Сіл РБ: апошнія прадаставяць палявую кухню дзеля прыгатавання «салдацкай кашы». Перанесціся ў часе, каб пабываць у 1541-1945 гг. наведнікам парку прапануюць удзельнікі грамадскага аб’яднання вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Товарищи по оружию».

Мяркуючы па афішы, у падрыхтоўцы ваенізаванага навагодняга свята ўзялі ўдзел таксама Аршанскі мясакансервавы камбінат (найхутчэй, прадпрыемства забіла свой унёсак у выглядзе тушонкі, якую яно вырабляе) і Гарадскі цэнтр культуры, адказны за гульні, конкурсы і карагоды вакол «франтавой ялінцы».

Таццяна Віктарава