Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Снежань 2022

У Віцебску адчыніўся крызісны цэнтр для ўцекачоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта першая такая ўстанова ў вобласці, хаця падобныя цэнтры ўжо даўно існуюць у Берасці, Гомлі і Гародні. Крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа – ён створаны пад патранатам менавіта гэтай арганізацыі – знаходзіцца па вуліцы Лазо, 4 у будынку плошчай больш як 100 кв.м. Тут адначасова могуць прыняць да 20 змушаных мігрантаў. А ў выпадку вострай неабходнасці адзін з пакояў можна пераабсталяваць і стварыць яшчэ пяць спальных месцаў. Падчас адкрыцця ўстановы прагучала меркаванне, што цэнтр стаў асабліва неабходным пасля таго, як у Беларусь рушыла цэлая хваля ўцекачоў з Украіны.

Зрэшты, у Віцебскай вобласці іх не так шмат у параўнанні, прыкладам, з Гомельшчынай ці Берасцейшчынай. З Украіны за 10 месяцаў бягучага года сюды прыбылі больш як 350 грамадзян, якія потым звярнуліся з хадайніцтвам аб наданні статусу ўцекача. 90 чалавек з гэтай колькасці – дзеці. Зразумела, што бальшыня вымушаных мігрантаў свядома ехалі ў Віцебскую вобласць да сваякоў ці блізкіх. Але пэўная колькасць грамадзян суседняй краіны апынулася тут без тэрміновай дапамогі і без жытла. Цяпер гэтыя праблемы гатовы вырашыць у крызісным цэнтры.

Тут гатовы прытуліць замежнікаў на тэрмін да двух месяцаў, пакуль вырашацца пытанні з афармленнем дакументаў, працаўладкаваннем і сталым пражываннем. У цэнтры, акрамя трох жылых нумароў, кухні, гульнёвай зоны, ёсць памяшканне для адпачынку, індывідуальных і групавых сустрэч з псіхолагам, правядзення апытанняў і анкетавання. Акрамя таго, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама гатовы дасылаць сацыяльнага работніка, які будзе знаходзіцца ў цэнтры з 8-ай да 17-ай гадзіны, каб дапамагаць з вырашэннем розных жыццёвых пытанняў.

Віцебскія ўлады пахваліліся, што новы крызісны цэнтр – найлепшы з наяўных у краіне. Але ў дзень адкрыцця ён так і не прыняў першых «кватарантаў».

Таццяна Віктарава