Друкаваць гэтую старонку
Серада, 21 Снежань 2022

Школам Віцебшчыны спешна надаюць імёны герояў мінулай вайны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Днямі імя Ефрасінні Зяньковай, падпольшчыцы, кіраўніцы Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы» будзе нададзена віцебскай сярэдняй школе №28. Сёлета гэта 52-е ўганараванне ўстановы сярэдняй адукацыі імем героя Вялікай Айчыннай вайны. Атрымліваецца, што практычна штотыдзень школам надаюць імёны людзей, чые лёсы былі звязаныя з падзеямі 1941-1945гг. Такім чынам віцебскія ўлады вырашылі выхоўваць у вучняў патрыятызм у межах праекта «2022год – Год гістарычнай памяці.

Што да абласнога цэнтра, то 80% сярэдніх школ носяць чые-небудзь імёны. Найчасцей гэта імёны вядомых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Так, СШ №2 сёлета нададзена імя Героя Савецкага Саюзу Ф.Т.Блахіна, удзельніка вызвалення Віцебску, СШ №5 носіць імя лётчыка Р.І. Багамазава – Героя Савецкага Саюзу, які пражыў у Віцебску апошнія гады жыцця. Імя лётчыка, ураджэнца Сенненшчыны, Героя Савецкага Саюзу А.К. Гараўца нададзена віцебскай СШ№10, а СШ №12  мае імя Героя Савецкага Саюзу Л.М. Філіпенкі, які пасля вайны працаваў у Віцебску кіраўніком аднаго са штабоў грамадзянскай абароны. Сярэдняй школе №14 зусім нядаўна было нададзена імя знакамітай падпольшчыцы Зоі Касмадземьянскай, СШ №16 мае імя Героя Савецкага Саюзу М.І. Дружыніна...

У спісе імёнаў, якімі названыя віцебскія школы, ёсць некалькі выключэнняў. Напрыклад, сярэдняя школа №8 мае імя А.М. Іспянкова – таксама вайскоўца, але героя пазнейшага часу, камандзіра падводнай лодкі «Камсамолец», якая патанула ў 1989г. Імя нобелеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава носіць віцебская гімназія №1. А вось гімназіі №3 чамусьці надалі імя А.С. Пушкіна, і гэта адзіны выпадак у Віцебску, калі навучальная ўстанова названа ў гонар літаратара, дый увогуле дзеяча культуры ў самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Пра тое, каб назваць школу ў памяць пра дзеяча беларускай культуры, віцебскія ўлады не дбаюць увогуле. Гэта тычыцца перадусім абласнога цэнтру. А што да рэгіёнаў, то сёлета ў Воршы адбыўся дык і ўвогуле кур’ёзны выпадак. Там сярэднюю школу №3 назвалі імем пісьменніка Уладзімера Караткевіча другі раз – упершыню гэта здарылася яшчэ ў 1989г., але ў 2022г. у аблвыканкаме вырашылі прыпісаць сабе гэтую ініцыятыву.

Абгрунтаваны падыход да выбару імёнаў для ўганаравання ў назвах школ увогуле назіраецца вельмі рэдка. Сярод мноства Герояў Савецкага Саюзу наданне імя Марыі Чуманіхінай сярэдняй школе №15 выглядае ці не адзіным прыкладам сапраўднай павагі да мясцовай гісторыі. М.Я. Чуманіхіна доўгія гады кіравала прадпрыемствам «Даламіт», што знаходзіцца ў пасёлку Руба, і ў тамтэйшай школе насамрэч вучацца дзеці і ўнукі тых, хто быў знаёмы з гэтай жанчынай, і для каго гэтае імя – не абстрактная даніна штучнаму і няшчыраму памкненню прадэманстраваць «патрыятычнае выхаванне».

Феліцыян Красоўскі