Друкаваць гэтую старонку
Субота, 26 Люты 2022

Тым, хто прагаласуе ўпершыню, у Віцебску дадуць майкі з выказваннямі Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Такія падарункі 18-гадовым юнакам і дзяўчатам падрыхтавалі на ўчастку №64 у Перашамайскім раёне. Вырабы лініі адзення  «Мерч Первого» – гэта адзенне з яркімі і трапнымі цытатамі прэзідэнта, тлумачыць «Аршанская газета».

Нагадаем, першая крама, дзе прадаецца адзенне з цытатамі Лукашэнкі, была адчынена ў Мінску ў снежні мінулага году. Гэта майкі (сярэдні кошт 20 руб.) і байкі (сярэдні кошт 40-45 рублёў) з надпісамі накшталт «Раздевайся и работай», «Президентами не становятся, президентами рождаются», «Любимую не отдают» і гэтак далей.

Уручэнне сувеніраў тым, хто прыходзіць на выбарчыя ўчасткі ўпершыню, даўно ўжо сталі звыклай традыцыяй, распачатай яшчэ ў часы СССР. Падарункі падчас датэрміновага галасавання маладым людзям уручалі таксама. Паводле здымкаў у раённых газетах, яны даволі сціплыя: гэта каляндарыкі, нататнікі, асадкі.

Грамадзянаў больш сталага ўзросту на ўчасткі для галасавання 27 лютага завабліваюць таксама традыцыйнымі, яшчэ савецкімі, захадамі: у Новалукомлі, да прыкладу, абяцаюць арганізаваць выстаўку самаробных сувеніраў  «2022 –год гістарычнай памяці» і канцэрт  «Беларусь, ты ў сэрцы маім». У Полацкім раёне будзе праводзіцца гандаль, у якім возьмуць удзел ажно 15 гандлёвых і гаспадарчых  суб’ектаў. Апрача распродажаў харчовых тавараў,  якімі ўжо мала каго здзівіш, ААТ «ПолацкБудМатэрыялы» уручыць кожнаму, хто прыйдзе на ўчастак, картку на зніжкі. А полацкі Дом Гандлю абвясціў, што зніжка на ўсе тавары, якія будуць рэалізоўвацца на ўчастках для галасавання, прадугледжана зніжка ў 15%.

Эмілія Протас