Друкаваць гэтую старонку
Субота, 26 Май 2018

“Мушу змагацца за свой бізнэс”. У Віцебску галадае прадпрымальнік Анар Іваноў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Анар Іваноў Анар Іваноў

Віцебскі прадпрымальнік Анар Іваноў распачаў галадоўку 19 траўня, патрабуючы, каб улады  пацьвердзілі ягонае права ўласнасьці на памяшканьне, якое арандуе ўжо 20 гадоў. Патрабуе таксама зьмяніць вокны, празь якія ледзь не здарылася трагедыя.

Прадпрымальнік Анар Іваноў арандуе памяшканьне на першым паверсе дома на Маскоўскім праспэкце, 66 у Віцебску ўжо цягам 20 гадоў. Трымае пазногцевы сэрвіс “Ірыс”.

Напрыканцы 2017 года ад моцнага парыву ветру трэснула і разьбілася вялікая шыбіна. Аскепак шкла разьбіўся каля самых ног аднаго з наведнікаў. Як кажа Анар, гэта стала апошняй кропляй.

Гарвыканкам: “Вокны мяняй сам”

“Шыбы гэтыя яшчэ савецкія, вялізныя, іх тут не мянялі ад моманту ўвядзеньня дому ў эксплёатацыю, а з той пары прайшло ўжо 44 гады. Усе гэтыя вокны старыя і небясьпечныя. І калі я падлічыў, колькі мне будзе каштаваць рамонт, апусьціліся рукі – ні такіх грошай, ні сіл у мяне няма. Але ёсьць гаспадар памяшканьня – Віцебскі гарвыканкам, якому я цягам 20 гадоў выплачваў грошы на капрамонт. Таму зьвярнуўся туды па дапамогу. Прыйшоў адказ: “Мяняй сам”. І мяне гэта вельмі абурыла”, – расказвае Анар Іваноў.

Вокны цяпер дзеля бясьпекі праклееныя папяровым скотчам, як у вайну... 

Гаворыць, што ўлады спасылаюцца на дамову аб арэндзе, згодна зь якой арандатар абавязаны рабіць у памяшканьні бягучы рамонт. Але рамонт па замене такіх вялізных вокнаў цяжка назваць “бягучым”.

Галадоўнік: Магу патрапіць у даўгавую яму

“Я гатовы ўсё зрабіць за свой кошт, але толькі тады, калі буду ўпэўнены, што гэтае памяшканьне застанецца маім. Але я не ўласьнік, я – арандатар. І, шчыра кажучы, я нават ня ўпэўнены ў тым, што заўтра мяне адсюль не “папросяць”, – кажа Анар.

Папераджальная шыльдачка звонку

“Замест таго, каб мець прыбытак, плаціць падаткі, аплочваць камуналку і плаціць заробкі людзям, я магу зараз, калі пачну ставіць гэтыя вокны, патрапіць у даўгавую яму. Але ў мяне сям’я, і я вырашыў, што мушу змагацца за свой бізнэс і памяшканьне”, – дадае.

Паводле словаў уладальніка сэрвісу, сваёй галадоўкай ён хоча дамагчыся зьменаў у мэханізме перадачы права на ўласнасьць старых будынкаў людзям, якія ў якасьці арандатараў карыстаюцца імі ўжо доўгія гады.

“Не раблю нічога супрацьзаконнага”

Анар Іваноў лічыць, што гэтая праблема закранае вялікую колькасьць прадпрымальнікаў у Беларусі: “Таму ня толькі пра сябе дбаю, а стараюся для людзей”. Зьмены гэтыя, як мяркуе галадоўнік, прынясуць вялікую карысьць і дзяржаве.

Анар Іваноў галадае ў памяшканьні сэрвісу

Віцяблянін расказаў, што ў сваёй заяве ў гарвыканкам, якую накіраваў туды 7 траўня, папярэдзіў аб пачатку галадоўкі. А да гэтага схадзіў у РАУС і запытаўся, ці можа распачаць галадоўку. Адказалі: “На здароўе”. “Так што не раблю зараз нічога супрацьзаконнага”, – гаворыць 47-гадовы прадпрымальнік.

“Адчуваю лёгкасьць і галавакружэньне”

Патлумачыў таксама, што пачаў галадаць 19 траўня, але першыя дні еў суп (“Сходу ў галадоўку ня ўвойдзеш”). “А зараз нічога ня ем. Колькі скінуў вагі, ня ведаю, але адчуваю лёгкасьць у целе, ну і – галавакружэньне”, – распавёў галадоўнік.

Анар Іваноў мяркуе пратрымацца яшчэ дзён пяць, а магчыма, і больш. Будзе пратэставаць, дакуль хопіць сіл і здароўя.

Мужчына ўжо мае досьвед шасьцідзённай галадоўкі пратэсту, якую трымаў у 2016 годзе, змагаючыся, як і сёлета, за арандаванае памяшканьне, якое ў яго спрабавалі забраць. Тым пратэстам Анар Іваноў адстаяў памяшканьне, але яно так і засталося ва ўласнасьці горада.

Зьміцер Міраш, фота аўтара