Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 17 Кастрычнік 2017

Віцебчукоў заклікаюць далучыцца да “Талакі салідарнасьці 328”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Акцыя “Талака салідарнасьці 328” мае на мэце падтрымаць несправядліва і жорстка асуджаных паводле артыкулу 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Імпрэза адбудзецца ў Менску 19 кастрычніка, але, каб узяць у ёй удзел, ехаць у сталіцу неабавязкова.

“Калі хтосьці з вашых сваякоў ці знаёмых быў асуджаны паводле гэтага артыкулу і адбывае зараз пакараньне, паведаміце нам. І чалавек атрымае ліст з паштоўкай і словамі падтрымкі”, - прапануюць арганізатары “Талакі салідарнасьці 328”. Для гэтага трэба запоўніць анкету.

“Беларусь вядомая неапраўданай жорсткасьцю пакараньняў за злачынствы, зьвязаныя з забароненымі рэчывамі. Наш закон — самы строгі ў Эўропе і сярод краінаў Мытнага зьвязу. Сёньня больш за 10 тысяч беларусаў знаходзяцца за кратамі па артыкуле 328 КК. Шмат зь іх – гэта маладыя людзі, якія трапіліся за ўжываньнем ці захоўваньнем марыхуаны, часта ў нязначнай колькасьці. Яны не заслужылі такога пакараньня!” – сьцьвярджаюць арганізатары.

“Досьвед паказвае, што палітыка сьляпых забаронаў, так званая “вайна з наркотыкамі” толькі пагаршае агульную крымінагенную сытуацыю, амаль не ўплывае на ўзровень спажываньня забароненых рэчываў, дазваляе квітнець чорнаму рынку і спрыяе распаўсюду малавывучаных і надзвычай небясьпечных наркотыкаў”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе імпрэзы.

Нагадаем, што арт. 328 КК прадугледжвае пакараньне ад 2 да 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Ці будзе скарэктаваны артыкул 328?..

Улетку 2017 года актывісты арганізацыі “Матчын Рух 328” накіравалі ліст Лукашэнку з просьбай перагледзець 328-ы артыкул у бок зьмякчэньня пакараньня і правесьці “залатую” амністыю моладзі.  

“Мы мяркуем, што, праз неадэкватнасьць існуючага артыкулу 328, на ўсіх зьвёнах адпаведнага ланцугу – МУС, Сьледчы камітэт, Пракуратура, Суд – адбываецца падмена рэальных наркагандляроў іхнымі ахвярамі. Паводле адной частцы таго ж самага артыкулу кваліфікуюцца зусім розныя па сваіх маштабах злачынствы – і хлапец, які першы раз закурыў у кампаніі, і наркагандляр, які прадае наркарэчыва ў інтэрнэце кіляграмамі. Усё гэта стварае ідэальныя ўмовы для імітацыі барацьбы з нарказлачыннасьцю”, - пісалі маці асуджаных у сваім звароце да прэзыдэнта.

У ліпені 2017 года Адміністрацыя прэзыдэнта паведаміла аўтаркам звароту, што “кампэтэнтным дзяржаўным органам даручана выпрацаваць прапановы па карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства ў гэтай сфэры.

У праграме імпрэзы “Талака салідарнасьці 328” –  калектыўнае падпісаньне паштовак падтрымкі асуджаным, запуск перапрацаванай пісьмовай пэтыцыі за зьмены ў заканадаўства і шчырыя размовы. “Талака” адбудзецца 19 кастрычніка ў прасторы "Сталоўка XYZ" / Gallery 'Canteen XYZ' (Менск, Фабрыцыюса 4,). Пачатак – а 19-й.

Зьміцер Міраш

1 камэнтар