Друкаваць гэтую старонку
Субота, 11 Сакавік 2017

Аршанскага актывіста апыталі як «сьведку» па справе пра фальшывыя грошы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Казьмярчак Ігар Казьмярчак

Ігара Казьмерчака, кіраўніка моладзевага грамадзкага абʼяднаньня «Зьвяз», 9 сакавіка выклікаў на гутарку сьледчы. Гутарка з прадстаўніком сьледчага камітэту Станіславам Барысёнкам адбылася праз тры дні пасьля ператрусу ў офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў.

Кажа актывіст: «Пра выраб фальшывай купюры наміналам 5 рублёў, якая нібыта стала падставай для налёту на офіс, я нічога ня ведаю. Мне не зразумела, якая сувязь паміж несапраўднай купюрай, якую знайшлі ў адным з банкаў на вуліцы Камсамольскай, і нашым офісам на вуліцы Чырвонаармейскай, які месьціцца за некалькі кілямэтраў, на другім беразе Дняпра. Паводле сьледчых, ператрус, які прайшоў у нас 6 красавіка, зьвязаны з тым, што ў офісе ёсьць капіявальная тэхніка. Дык ці мала дзе яна ёсьць? Але з офісу вывезьлі працэсары, ноўтбук, друкаркі, фарбы да іх. Паводле пратаколу апытаньня, які вёў сьледчы Станіслаў Барысёнак, я зьяўляюся сьведкам. Сьведкам чаго, я так і не зразумеў».

У Ігара Казьмерчака ўзялі падпіску пра неразгалошваньне акалічнасьцяў справы. Але актывіст па-ранейшаму пэўны, што ператрус на офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў зьвязаны з «Маршам недармаедаў», які мае пачацца на цэнтральнай плошчы Воршы а 13-й гадзіне 12 сакавіка.

Колькі чалавек прыйдзе на марш, Ігар Казьмярчак прагназаваць не бярэцца: «Цяжка сказаць, як зрэагуюць людзі на тое, што дэкрэт № 3 замарожаны. Хаця ўсё разумеюць: "замарожаны" – яшчэ ня значыць "скасаваны". Да ўсяго, у Воршы вельмі даўно не было вулічных масавых акцыяў – бадай што з "рэвалюцыі маўклівага пратэсту", калі на той самай плошчы зьбіралася да сотні чалавек. Таму прадказаць нічога нельга».

Тым часам па сацыяльных сетках распаўсюджваюцца абʼявы пра марш. І на прадпрыемствах гораду, паводле зьвестак аршанцаў, робяцца папераджальныя захады: у шэрагу ўстановаў на найбліжэйшую нядзелю заплянаваныя «суботнікі», а дзе-нідзе работнікаў папярэджваюць наўпрост: калі заўважаць на акцыі пратэсту, то звольняць.

svaboda.org