Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Люты 2017

Віцебск: Напярэдадні Маршу абураных беларусаў міліцыянты «пагутарылі» з актывістам БНК

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзімер Кійко Уладзімер Кійко

Жытло віцебскага лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Уладзімера Кійко нечакана наведалі міліцыянты. Уварваньне супрацоўнікаў аховы правапарадку актывіст лічыць спробай застрашыць яго напярэдадні анансаванага БНК Маршу абураных беларусаў, які мусіць адбыцца ў Менску 17 лютага.

Распавядае Ўладзімер Кійко: «Дадому да мяне прыйшлі трое: двое ў міліцэйскай форме, і адзін – у цывільным, які прадставіўся ўчастковым, хоць я яго ня знаю.  Сказалі, што нібыта нейкі чалавек патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што нехта тут шуміць і б'е шкло. Я спытаў, хто іх выклікаў, а яны адказалі, што ня ведаюць, бо тэлефанаваньне было ананімным. Потым гутарылі і склалі нешта кшталту пратаколу (я нідзе не распісваўся, і яны мне яго не паказвалі). Перапісалі ўсе мае тэлефоны. Пыталіся дзе працую, колькі плацяць».

Спадар Уладзімер – актыўны ўдзельнік БНК і даўні паплечнік апазыцыйнага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, аднаго з ініцыятараў правядзеньня маршу грамадзян, абураных дэкрэтам № 3, згодна зь якім «дармаеды», якія ня маюць працы, абавязаныя плаціць адмысловы падатак. Паводле меркаваньня актывіста, прыход да яго міліцыі з надуманай прычыны акурат напярэдадні важнай палітычнай падзеі – маршу ў сталіцы – не выпадковы. Тое, што здарылася, ён назваў актам палітычнага ціску на яго.

«Увага з боку міліцыі да мяне мае відавочны палітычны падтэкст, – заявіў Уладзімер Кійко. – Падзяляючы ідэі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лічу неабходным заявіць уладам, што спробы адабраць грошы ў беларускіх грамадзян, якія не працуюць, зьяўляюцца незаконнымі і негуманнымі. Сярод звычайных беларусаў няма такой масавай зьявы, як дармаедзтва. Лічыць іначай – значыць праяўляць непавагу да народу. Успрымаю дзеяньні праваахоўных органаў незаконнымі і правакацыйнымі. Мэта гэткіх правакацыяў відавочная: дамагчыся ад мяне адмовы ад актыўнай палітычнай дзейнасьці».

Кастусь Дзьвінскі