Друкаваць гэтую старонку
Субота, 13 Красавік 2013

Яшчэ адна заяўка на акцыю да 27-й гадавіны Чарнобыля пададзеная ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў накіраваў у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету 26 красавіка. Пікет прымеркаваны да 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, гэта не адзінае мерапрыемства, заплянаванае на 26 красавіка апазыцыйнымі палітыкамі ў Віцебску: раней заяўку на правядзеньне мітынгу падаваў абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў.

Ян Дзяржаўцаў лічыць, што пра Чарнобыльскую трагедыю трэба памятаць заўсёды: «Чарнобыль для беларусаў – жах. Ён прынёс шмат пакутаў. Колькі людзей сышло з-за выбуху! А колькі хваробаў!.. Заўчасна паміраюць дзеці, людзі сталага веку. І будуць паміраць яшчэ сотні, тысячы гадоў».

Мэтай меркаванай акцыі зьяўляецца ня толькі ўшанаваньне памяці тых, хто пацярпеў ад наступстваў аварыі ў Чарнобылі. Удзельнікі пікету таксама хочуць выказаць пратэст супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы. «Нельга дапусьціць паўтарэньня трагедыі. АЭС у Беларусі не павінна быць. Трэба не атамную станцыю будаваць, а пераходзіць на выкарыстаньне ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі – ветру, сонечнай энэргіі, як гэта робяць у краінах Эўропы», – перакананы Ян Дзяржаўцаў.