Друкаваць гэтую старонку
Субота, 22 Сакавік 2014

У Віцебску прайшоў мітынг прыхільнікаў стварэньня аб’яднаньня «За сумленную ўладу» (дададзена відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У мітынгу ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога савету Віктара Жаркова, які адбыўся 20 сакавіка на заднім двары адной са школ абласнога цэнтру, узялі ўдзел зь дзясятак чалавек. Большасьць зь іх – гэта сябры ўтворанай месяц таму генэральнай рады па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «За сумленную ўладу» на чале са старшынём рады Пятром Івановым.

Як паведаміў Пётар Іваноў, мітынг, што адбыўся, быў ня толькі ў падтрымку кандыдата Віктара Жаркова: «Гэты мітынг – у падтрымку ўсіх нашых кандыдатаў, якія ідуць ад “Сумленнай улады”», – сказаў ён.

На пачатку імпрэзы Віктар Жаркоў зачытаў тэкст, навошта і з чым ён ідзе ў дэпутаты: «Я іду на выбары з самай высокай ідэяй і палітычнай мэтай. Мая ідэя – гэта Сумленная ўлада».

Прамова кандыдата была прасякнутая духам мэсіянства: «Упэўнены, што менавіта Сумленная ўлада стане нацыянальнай ідэяй ня толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На нашай з вамі зямлі, у нашай Айчыне разам з найвышэйшай ідэяй Сумленнай улады на арэну сусьветнай гісторыі выходзіць новая, не прадбачаная нікім зьява, адрозная ад навукі, ідэалёгіі і рэлігіі, прычым не ў адзіночным, а ў масавым увасабленьні», – заявіў Віктар Жаркоў.

Кандыдат падзяліўся з удзельнікамі мітынгу сваёй праграмай, якая, як было сказана, супадае з праграмамі іншых кандыдатаў – сяброў генэральнай рады па стварэньні міжнароднага аб’яднаньня. «У выпадку ўваходжаньня ва ўладу клятвенна абяцаю вам ня красьці з казны, ня браць хабары і не падпісваць заведама фальшывыя афіцыйныя дакумэнты», – запэўніў прысутных Віктар Жаркоў.