Друкаваць гэтую старонку
Серада, 24 Май 2023

Віцебскі абласны суд адмяніў 30 сутак Валянціне Болбат

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

22 траўня Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне Суда Верхнядзвінскага раёна адносна грамадскай актывісткі Валянціны Болбат. Рашэнне прыняла суддзя Святлана Іванова. Але будзе новы суд і перагляд справы.

Валянціну Болбат судзілі ў Верхнядзвінску 10 траўня па двух артыкулах: па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую дзейнасць)  і  частцы 3 артыкула 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Пасля суда Валянціна адразу была затрыманая супрацоўнікамі РАУС, на яе надзелі кайданкі і адвезлі ў ІЧУ, дзе правялі дагляд з распрананнем дагала. Пры гэтым яе аўтамабіль так і застаўся на стаянцы суда, адкуль ёй не далі забраць свае асабістыя рэчы. Як даведалася пазней Валянціна Болбат, указанне нічога не даваць ёй з аўтамабіля, сыходзіла ад кіраўніка Верхнядзвінскага РАУС Валерыя Круклінскага.

І, канешне, захаванне аўтамабіля ў прыдатным стане ёй ніхто не гарантаваў. Ад перагрэву на сонцы ў машыне маглі ўзнікнуць пашкоджанні пярэдняй панэлі. Для Валянціны аўтамабіль з’яўляецца яе “нагамі”, як кажа жанчына, бо яна мае сур’ёзныя праблемы з апорна-рухальным апаратам.

Ад перанесенага стрэсу ў нечалавечых умовах у ІЧУ (у холадзе, цемры, без вады і туалета) Валянціна зноў трапіла ў лякарню на 2 тыдні з гіпертанічным крызам. Там яна праляжала да 22 траўня. Але і там па  распараджэнні начальніка РАУС жанчына была пазбаўленая вулічных прагулак.

Пасля ўсяго перажытага Валянціна Болбат звярнулася са скаргай да пракурора Верхнядзвінскага раёна Віталя Тамашэвіча на правамернасць дзеянняў кіраўніцтва Верхнядзвінскага РАУС.

Яўген Куцы