Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 13 Снежань 2022

Замест «пакаянных» відэа ГУБАЗ пачаў рабіць «агітацыйныя»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

На віцебскім тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася відэа з трыма жыхарамі Браслава, затрыманымі 7-га снежня. Паводле інфармацыі краязнаўцы Канстанціна Шыталя, у той дзень у Браславе было затрымана каля 15 чалавек. Большасць з іх адпусцілі да суду праз 72 гадзіны. Судзіць браслаўчан будуць паводле артыкула 19.11 КаАП за рэпосты з так званых «экстрэмісцкіх рэсурсаў», або наадварот – за допісы ў «экстрэмісцкія Тэлеграм-каналы».

Раней затрыманых здымалі на відэа, каб паказаць гледачам іхныя аповеды пра ўдзел у пратэстах і пра тое, што цяпер яны пра гэта нібыта вельмі шкадуюць. Цяпер канцэпцыя відэаролікаў змянілася. Затрыманыя жыхары Браслава – у Відэа іхныя імёны і прозвішчы не называюцца – распавядаюць пра тое, у якіх «экстрэмісцкіх» Тэлеграм-суполках і чатах яны ўдзельнічалі і што там пісалі або якія матэрыялы рэпосцілі. Напрыканцы адзін з затрыманых кажа: «Я меркаваў, што Тэлеграм ананімны, а ён не ананімны. Не паўтарайце!»

Відавочна, што стваральнікі відэароліка паставілі сабе задачу скарыстаць відэазапісы з затрыманымі, каб напалохаць іншых, хаця спалоханымі людзі на відэа зусім не выглядаюць. Яны цалкам спакойна распавядаюць пра тое, што рабілі рэпосты – хто адзін, хто два, хто тры… Між тым, аўтары відэароліка назвалі яго так, нібыта раскрылі паўнавартасную злачынную групоўку – «Массовая отработка экстремистских агитаторских ячеек в г.Браславе».

Паводле тэксту, які суправаджае гэты відэаролік, ГУБАЗ прапануе ўсім, хто таксама рабіў «экстрэмісцкія» рэпосты, добраахвотна «здацца», прызнаўшы сваю віну: “Витебский ГУБОП предлагает избежать задержания и ареста за репост экстремистских материалов. Для этого, нужно прийти в ближайший РОВД, где будет проведена профилактическая беседа с разъяснением законодательства РБ на примере Ваших публикаций в сети”.

Лявон Каляда