Паводле Кацярыны Вінакуравай, 11ліпеня да яе дадому прыйшлі міліцыянты і запатрабавалі, каб яна разам з імі паехала ў пастарунак для складання пратаколу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кацярына адмовілася, бо гадуе грудное дзіця, і тады аднаго міліцыянта пакінулі яе «вартаваць», а астатнія паехалі на працу, каб прывезці паперы.
Жанчына вельмі здзівілася, даведаўшыся, за што яе вінавацяць. На яе думку, цяпер міліцыянты вельмі старанна праглядаюць старонкі актывістаў у сацыяльных сетках, шукаючы прыкметаў або «незаконнага пікетавання», калі ў чалавека на аватарцы, да прыкладу, украінскі сцяг, або вось такіх, хай сабе і даўніх, рэпостаў з незалежных СМІ, абвешчаных «экстрэмісцкімі».
Прызнаўшы Кацярыну Вінакураву вінаватай, суд аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь (800 рублёў). Ад арышту жанчыну ўратавала толькі наяўнасць малога дзіцяці, бо за падобныя правапарушэнні на Полаччыне апошнім часам караюць суткамі зняволення, як гэта было з удзельніцай гурту «Варган» Ксеніяй Глот або наваполацкім грамадскім актывістам Андрэем Галавырыным ці «нафтанаўцам» Сяргеем Бадуновым.
Міхась Хмара