Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Ліпень 2022

Праўладныя віцебскія паблікі паліваюць брудам зняволенага ксяндза Андрэя Вашчука

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У некаторых тэлеграм-супольнасцях, якія займаюцца распальваннем варожасці ў дачыненні да прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, сінхронна з’явіліся звесткі пра тое, што супраць святара вось-вось распачнуць крымінальную справу. Асобныя паблікі «ВКонтакте», якія пазіцыянуюць сябе як праваднікоў афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі Беларусі, апусціліся да паклёпу і прамых абразаў на адрас віцебскага ксяндза. Паклёпнікі відавочна карыстаюцца тым, што Андрэй Вашчук не можа прыцягнуць іх да судовай адказнасці, бо адбывае 15-суткавы арышт.

Паведамленні пра тое, што супраць пробашча віцебскай парафіі Святога Духа Андрэя Вашчука будзе распачатая крымінальная справа, у віцебскіх тэлеграм-каналах з’явіліся 21-га ліпеня. Без усялякіх спасылак на афіцыйную інфармацыю Следчага камітэту аўтары пішуць, што святара падазраюць у закліках да пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га году. І нават дэманструюць скрыншоты з тэлеграм-чатаў, якія могуць быць як простай падробкай, так і адмысловым злівам звестак ад сілавых структур.

Але самыя брудныя допісы з’явіліся ў асобных пабліках «ВКонтакте»: там аўтары, прыкладам, звінавацілі ксяндза ва ўжыванні наркотыкаў. Гэткая «абазнанасць» у дэталях асабістага жыцця віцебскага святара выклікае яўныя сумненні, бо нават прозвішча Андрэя Вашчука паклёпнікі пішуць з памылкамі…

Калі справу за заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках супраць ксяндза Андрэя ўсё ж завядуць, гэта будзе першы выпадак палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў дачыненні да каталіцкага святара. Пакуль што святароў у Беларусі затрымлівалі і судзілі толькі па адміністрацыйных артыкулах, хаця год таму Следчы камітэт і праводзіў праверку выказванняў ксяндза Вячаслава Барка на прадмет экстрэмізму.

Пробашч віцебскай парафіі Святога Духа Андрэй Вашчук таксама адбывае арышт па адміністрацыйным артыкуле – нібыта за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ён быў затрыманы ўвечары 15-га ліпеня, і ў мінулы панядзелак асуджаны да 15-ці сутак арышту.

Віктар Жукоўскі