Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 17 Май 2022

Вольга БРЫЦІКАВА: «Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?!»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання падчас рэферэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Суд прысудзіў ёй 15 сутак арышту. Аднак ужо праз некалькі дзён яе асудзілі паўторна – за надпісы «Не вайне» на куртцы, зробленыя на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Піша “Народная Воля+”

У трэці раз падставай для суда сталі паперкі з надпісамі «Не вайне» на вокнах яе кватэры, а падставай для чацвёртага суда – пост «Не вайне» ў Instagram…

Агулам Вольгу Брыцікаву судзілі пяць разоў па артыкуле 24.23 («несанкцыянаванае пікетаванне»). 75 сутак прафсаюзная актывістка правяла ў ізалятары часовага ўтрымання ва Ушачах.

– Самае складанае за ўвесь час знаходжання ў ізалятары – калі не разумееш, што адбываецца наўкол, – кажа Вольга. – У астатнім усё можна было вытрымаць. У ІЧУ быў свой распарадак дня, і ўсё праходзіла выключна ў яго межах. Адмыслова мне не стваралі больш жорсткіх ўмоў утрымання, таму ніякіх прэтэнзій да адміністрацыі няма.

– Былі маральна падрыхтаваны, што можаце аказацца ў ізалятары?

– Не ўяўляла, што за надпіс на куртцы «Не вайне» давядзецца правесці ў ізалятары аж 75 сутак! Усё-такі верыла, што людзі будуць прытрымлівацца нейкіх нормаў законнасці. Але аказалася, што ўсё даведзена да абсурду.

Таму не магу сказаць, што 75 сутак адміністрацыйнага арышту сталі для мяне вялікай нечаканасцю, але ў той жа час такога я і не чакала. Бо я лічыла і лічу, што нічога супрацьзаконнага не рабіла, а проста скарысталася правам, якое нам гарантавана Канстытуцыяй, – правам мець сваё меркаванне і свабодна яго выказваць. Я выступала супраць вайны, што ў гэтым дрэннага?! Але ў тых, хто трымаецца за ўладу, на гэты конт, відаць, іншае меркаванне.

– Тэрмін адбыцця пакарання працягваўся аўтаматычна?

– Першыя тры пратаколы на мяне склалі на працягу тыдня – 27 лютага, 3 і 7 сакавіка, а да 10 сакавіка ўжо прайшлі тры суды, і стала зразумела, што як мінімум 45 сутак мне гарантаваны.

Самы складаны ў псіхалагічным плане быў момант, калі склалі чацвёрты пратакол, які з’явіўся за гадзіну да таго, як мне трэба было выходзіць на волю. Ты чакаеш гэтага, рыхтуешся – і тут: атрымайце новыя «суткі»!

– Ці была ў ізалятары сувязь са знешнім светам?

– Яна падтрымлівалася праз перадачы ад блізкіх і знаёмых. Атрымлівала шмат лістоў і паштовак, гэта дапамагала не адчуваць сябе няшчаснай. Брытанскія вучоныя, дарэчы, высветлілі, што для таго, каб чалавек адчуваў сябе шчаслівым, трэба, каб яго абнялі не менш як сем разоў за дзень. Дзякуючы лістам, я таксама разумела, што не ўсё так дрэнна ў гэтым жыцці.

– Неабходныя рэчы, сродкі гігіены ў камеры мелі?

– Так, усё гэта перадалі сябры. Яны зрабілі ўсё неабходнае, каб у мяне не было праблем з рэчамі першай неабходнасці.

– Колькі чалавек было ў камеры?

– Камера разлічана на дваіх, але ў розныя перыяды была і адна, бывала, і ўдзвюх, і ўтраіх.

– Як праводзілі час?

– Чытала кнігі, спрабавала ўспомніць песні, і высветлілася, што не так шмат і памятаю. Завяла сабе каляндар, кожны дзень выкрэслівала чарговыя суткі і прыдумвала выраз дня. Ніхто ж не мог забараніць мне думаць, а часу падумаць было шмат.

– Што зараз з вашым прафсаюзам?

– Дзякуючы дзеянням наймальніка, сябры нашага прафсаюза вымушаны былі або звольніцца з прадпрыемства, або пакінуць прафсаюз. Таму зараз у прафсаюзнай ячэйцы засталіся я і тыя, хто на пенсіі. Да таго ж не выключана, што нас наогул могуць пазбавіць рэгістрацыі. Як вядома, на незалежныя прафсаюзы зараз ідзе сур’ёзнае наступленне.