Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Люты 2021

Студэнтка Паліна Нітчанка – на волі пасля 17 сутак арышту. Яе адлічылі з універсітэту

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Паліна Нітчанка, першыя хвіліны на волі Паліна Нітчанка, першыя хвіліны на волі

Студэнтка 2 курсу лячэбнага факультэту ВДМУ Паліна Нітчанка 1 лютага выйшла на волю з віцебскага СІЗА-2. Па двух адміністрацыйных справах паводле арт. 23.34 яна адбыла 17 сутак арышту. Сустрэць яе прыйшлі сябры, аднакурснікі, а таксама маці, якая прыехала з Жодзіна.

Праз колькі хвілінаў па вызваленні Паліне паведамілі, што кіраўніцтва медычнага ўніверсітэту прыняло рашэнне адлічыць яе – нібыта за няяўку на экзамен.

«Гэта няправільна. Мне вельмі не падабацца палітыка ўніверсітэту. І ўсё, што са мной было, таксама не падабацца. Людзей саджаюць у ізалятары, яны прапускаюць пары, а трактуюць гэта як пропускі з няўважлівых прычын і прымушаюць плаціць адпрацоўкі», – пракаментавала дзеянні кіраўніцтва ВНУ Паліна Нітчанка.

Дзяўчына заявіла, што зробіць неабходныя захады, каб аднавіцца ва ўніверсітэце.

Наконт умоваў адбывання пакарання ў ізалятары часовага ўтрымання зазначыла, што яны былі зносныя, але ад турэмнай ежы яна адмовілася.

«Не спадабалася, і я за гэта плаціць не збіраюся. Адразу адмовілася», – сказала Паліна.

Расказала, што калі атрымала першую перадачу, то знайшла ў ёй толькі бытавыя рэчы. Харчоў не было, і гэта выклікала здзіўленне. Ужо пазней, калі сустрэлася з адвакатам, даведалася, што былі ў перадачы і харчы, але супрацоўнікі ІЧУ чамусьці (адмыслова?) іх не перадалі.

Нагадаем, Паліна Нітчанка была затрыманая 15 студзеня ў інтэрнаце за ўдзел у студэнцкім відэазвароце да ўладаў, за што была асуджаная на 7 сутак арышту. Але па адбыцці гэтага пакарання ў ІЧУ прайшоў яшчэ адзін суд – Паліне прысудзілі яшчэ 10 сутак за акцыю салідарнасці, праведзеную ў сценах навучальнай установы.

Уладзімір Бяляўскі