Друкаваць гэтую старонку
Серада, 30 Снежань 2020

Мікола Качурэц пасля 15 сутак арышту выйшаў на волю з віцебскага СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мікола Качурэц на волі Мікола Качурэц на волі

Увечары 30 снежня на волю з віцебскага СІЗА выйшаў актывіст Мікола Качурэц, які быў пакараны арыштам на 15 сутак судом Першамайскага раёну за ўдзел у вулічным шэсці. Па вызваленні Качурэц прызнаўся, што «ўзяў гэтыя 15 сутак лёгка», бо «адчуваў падтрымку з волі».

«Адчуваў моцную падтрымку з волі – гэта перадачы, якія рэгулярна атрымліваў. Вялікі дзякуй! У камеры я там, як заўжды, «куклаводзіў» і праводзіў антыфашысцкую прапаганду, ну і ўсё такое. Быў і там парушальнікам гэтага рэжыму», – сказаў адразу па вызваленні Мікола Качурэц.

Запэўніў, што адчувае сябе нармальна.

15 сутак Міколу Качурцу прысудзіла 5 лістапада суддзя Вераніка Барысава, якая прызнала актывіста вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Рашэнне аб арышце было агучанае без Качурца – ён на суд не явіўся. Затрымалі яго толькі 14 снежня. Па словах віцябляніна, затрымлівалі амапаўцы, адвезлі ў РАУС пасля таго, як знайшлі ў заплечніку бел-чырвона-белы сцяг.

Мікола Качурэц 5 разоў прыцягваўся цягам году да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34.

Каля СІЗА з віншаваннямі і каляднымі падарункамі актывіста сустрэлі сябры і паплечнікі.

Зміцер Міраш