Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Чэрвень 2020

Будуць судзіць віцяблян, якія прысутнічалі на пікетаваньні з удзелам Паўла Севярынца

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
На пікеце 31 траўня. Фота: facebook.com На пікеце 31 траўня. Фота: facebook.com

Удзельнікаў пікетаваньня для збору подпісаў у Віцебску 31 траўня, на якім прысутнічаў сузаснавальнік БХД Павал Севярынец, пачалі выклікаць у аддзяленьні міліцыі для складаньня пратаколаў. На некаторых – ужо склалі. Грамадзян абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Гэтак, адміністрацыйны пратакол за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах склалі на жыхарку Віцебску Людмілу Валадкевіч. Паводле дакумэнту, яна нібыта брала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні 31 траўня ў Віцебску – уздымала руку і выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь!». Разгляд справы Людмілы адбудзецца 18 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску (дакладны час пакуль невядомы).

Жанчына расказала, што ў міліцыі пабачыла сьпіс віцяблян, супраць якіх распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34. У сьпісе як мінімум 15 прозьвішчаў (і гэта толькі ў дачыненьні жыхароў Кастрычніцкага раёну).

Таксама адміністрацыйны перасьлед за ўдзел у пікетаваньні 31 траўня зазналі віцебскія актывісты Тацяна Севярынец, Мікола Качурэц, Уладзімер Мацкевіч. Калі адбудуцца суды над імі – пакуль таксама невядома.

Калі вам паведамілі, што ў дачыненьні вас распачаты адміністрацыйны працэс, скантактуйцеся, калі ласка, з праваабаронцамі «Віцебскай Вясны».

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.