Друкаваць гэтую старонку
Субота, 16 Май 2020

Наваполацак: Андрэй Зуеў адбыў 7 сутак за кратамі і выйшаў на волю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Зуеў пасьля вызваленьня Андрэй Зуеў пасьля вызваленьня

Актывіст «Народнай Грамады» і бацька 4-х дзяцей Андрэй Зуеў 15 траўня быў вызвалены з-за кратаў наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Ён быў пакараны судом на 7 сутак арышту за ўдзел у «стрыме» Ціханоўскага. Каля наваполацкага ЦІПу позьнім вечарам яго сустракалі жонка, паплечнікі і журналісты, але міліцыя цішком вывезла актывіста за тэрыторыю цэнтру.

Каля гарадзкога аддзяленьня міліцыі ў Наваполацку Андрэя Зуева чакалі, каб павіншаваць з вызваленьнем, ягоная жонка Тацяна, журналісты, паплечнікі па «Народнай Грамадзе», у тым ліку прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Юрась Касач, які нядаўна зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу. Але Зуева да людзей ня выпусьцілі – міліцыянты таемна вывезьлі яго за тэрыторыю ЦІПу. Крыху пазьней жонка пакаранага даведалася, што мужа адвезьлі дамоў, на іншы канец гораду.

У размове з журналістамі Андрэй Зуеў прызнаўся, што са здароўем у яго ўсё ў парадку і прызначанае пакараньне ён перанес з годнасьцю.

Ён мяркуе, што міліцыянты найперш шукаюць нейкія кампраматы на Сяргея Ціханоўскага.

«Але я думаю, што людзі, якія прыходзілі да яго, на ягоныя стрымы, не напішуць лішняга і будуць карыстацца арт. 27 Канстытуцыі. Я думаю, усё будзе нармальна і Сяргей таксама будзе неўзабаве на волі», – сказаў Андрэй Зуеў.

Запэўніў, што не шкадуе аб тым, што зрабіў, і ад сваіх словаў падчас «стрыму» Ціханоўскага не адмаўляецца: «Я так думаю, і я так буду гаварыць і надалей. Гэта маё асабістае меркаваньне, мяняць я яго не зьбіраюся. Запытаюць яшчэ – я паўтару, мне нескладана. Сваё меркаваньне я буду адстойваць!»

«Суткамі» народ ня зломіш. Я думаю, што проста накіпела ў людзей, што яны гатовыя самі ўжо… Бо ён з кожным загадам, з кожным рашэньнем пастаянна лезе да звычайнага беларуса ў кішэню. Я ня ведаю, але трэба нешта рабіць, каб людзі не баяліся, выходзілі і казалі тое, пра што думаюць – нягледзячы ані на штрафы, ані на суткі. Усіх не перасаджаюць!» – упэўнены наваполацкі актывіст.

«Я думаю, што мы жывём на мяжы грандыёзнага шухеру, таму ўсё ў нас павінна атрымацца», – дадаў Андрэй Зуеў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.