Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Люты 2019

Зьмітра Лупача зноў аштрафавалі – ён прынёс у суд двухмэтровы чэк

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Зьміцер Лупач з квітком ля суду. Фота: baj.by Зьміцер Лупач з квітком ля суду. Фота: baj.by

Судзьдзя Глыбоцкага раённага суду Андрэй Тарасевіч аштрафаваў журналіста-фрылянсэра  Зьмітра Лупача на 35 базавых велічыняў, што складае амаль 900 беларускіх рублёў, перадае служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў. У суд журналіст прынёс павялічаны ў дзясяткі разоў квіток аб аплаце папярэдняга штрафу.

Гэтым разам падставай для адміністрацыйнага перасьледу стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пад назвай “На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу”.

Журналіста абвінавацілі ў парушэньні арт. 35 “Закона аб СМІ” (праца на замежны сродак інфармацыі без акрэдытацыі пры беларускім МЗС) і прыцягнулі да адказнасьці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП – за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Ужо пасьля суду Зьміцер Лупач сказаў, што аніякага спадзеву на апраўдальнае рашэньне па выніках судовага слуханьня ў яго не было, бо тэма сюжэту значная для чыноўнікаў.

Фота: racyja.com

Рабіць фотаздымкі ў ходзе слуханьня судзьдзя Тарасевіч забараніў. На прапанову журналіста весьці судовы працэс у Міжнародны дзень роднай мовы па-беларуску судзьдзя адказаў, што Лупач можа гаварыць на беларускай мове, а сам, спаслаўшыся на дзяржаўнае дзьвюхмоўе, гаварыў па-расейску.

У якасьці сьведкі  на судзе прысутнічала Сьвятлана Палідавец, якая працуе настаўніцай у адной са школаў гораду. Яна зазначыла: пасьля наведваньня міліцыі зразумела, што размаўляць з журналістамі нельга, і больш нікому ніякіх інтэрвію даваць ня будзе.

Перад судовым пасяджэньнем Зьміцер Лупач перадаў у Глыбоцкі суд арыгінал квітанцыі аб аплаце папярэдняга штрафу. Але дакумэнт гэтым разам павялічыў да  памеру 1.8 х1.6 мэтра.

“Бо, – кажа журналіст, – часам у судзе ня могуць адсачыць, ці заплаціў я штраф, і перадаюць паперы судовым выканаўцам”. 

Фота: racyja.com

“Думаю, што спраўдзіць гэта нескладана, але яны прызвычаіліся, каб я сам прыносіў квітанцыю, сплаціўшы вялікі штраф. То бок ідзі вешацца і вазьмі з дому сваю вяроўку. А вось суд позву мне не дасылае, спасылаецца на ХХI стагодзьдзе і на век інтэрнэту, маўляў, можна паведамляць любымі сродкамі сувязі.  Міліцыя праз Viber дасылае сфатаграфаваную позву”, – кажа Лупач.

“Чаму ж тады працаўнікі суду “ў век інтэрнэту” ня могуць спраўдзіць, ці заплаціў я штраф? Мінулым разам я прыносіў больш за 130 квіткоў аб аплаце штрафу, а зараз вырашыў прынесьці вось такі вялікі дакумэнт, каб ужо дакладна ўбачылі”, — тлумачыць фрылянсэр.

Гэта быў першы суд над Зьмітром Лупачам у 2019 годзе. Летась па артыкуле 22.9 КаАП ён прыцягваўся да адказнасьці 9 разоў. Агулам сплаціў ужо штрафаў на суму 4 тыс. 802 беларускія рублі.