Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 04 Люты 2019

Дубровенская актывістка падала ў суд на сьледчых

Ацаніць гэты матэрыял
(23 галасоў)
Натальля Стрэльчанка Натальля Стрэльчанка Фота: ucpb.org

Сябра АГП Натальля Стрэльчанка з Дуброўна паведамляла ў структуры Сьледчага камітэту пра тое, што яна была неабгрунтавана затрыманая, абшуканая і арыштаваная. Утрыманьне пад вартай бязь ежы цягам звыш трох гадзін Натальля расцаніла як абыходжаньне, якое зьневажае людзкую годнасьць. Паколькі СК не адрэагаваў належным чынам на яе зварот, грамадзянская актывістка зьвярнулася ў суд са скаргай на сьледчых.

Усё распачалося ў Дзень Волі – 2018. 25 сакавіка а 6:20 раніцы актывістка была затрыманая супрацоўнікамі РАУС на вуліцы гораду: яна ішла да прыпынку грамадзкага транспарту, каб накіравацца на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР у Менск. Як пазьней высьветлілася, нейкі грамадзянін К. напярэдадні ўвечары падаў заяву ў РАУС пра тое,  што, магчыма, Натальля Стрэльчанка распаўсюджвае ў адносінах да яго “паклёпніцкія чуткі”.

Зранку за Натальляй было арганізаванае сачэньне, і начальству РАУС, як толькі яна выйшла з дому, “паступіла інфармацыя”, што яна ідзе па вуліцы. Гэтая навіна так міліцыянтаў усьцешыла, што яны вырашылі апэратыўна на сьвітанку распачаць “адміністрацыйны працэс”.

Цікава, што пра нагоду для затрыманьня ўжо праз 10 хвілін забыліся. Як толькі безабаронная дзяўчына пераступіла парог РАУС, то стварыла новую нагоду: паспрабавала зрабіць фотаздымак абстаноўкі дастаўленьня ў міліцыю. Выявілася, што актывістка патрапіла ня проста у РАУС, а ў рэжымную ўстанову, у якой таемнай інструкцыяй МУС грамадзянам забаронена здымаць мабільнымі тэлефонамі. Аформілі ўсё пратаколам: маўляў, ня выканала законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі – не спыніла фотаздымкі, хаця ніводнай выявы сваёй установы ў тэлефоне затрыманай праваахоўнікі не знайшлі.

Далей актывістку сталі “рыхтаваць” да суду паводле пратаколу. Як сьцьвярджае Натальля Стрэльчанка, зрабілі яе асабісты вобшук з поўным распрананьнем і відэазапісам гэтага працэсу. А пасьля яшчэ і не кармілі да суду, які праходзіў з 11-й да 15-й гадзіны.

Тут дадалася яшчэ цікавая акалічнасьць. Паводле закону, утрымліваць у пастарунку да суду можна грамадзян, якім за правапарушэньне пагражае пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Але такое пакараньне нельга ўжываць да грамадзян, якія маюць непаўналетніх дзяцей. А ў затрыманай такія дзеці ёсьць. Таму, відавочна, яе ўтрыманьне да суда ў пастарунку трэба лічыць незаконным.

Неабгрунтаванае затрыманьне на вуліцы, асабісты вобшук, утрыманьне пад вартай звыш трох гадзін, ды яшчэ бязь ежы – усё гэта стала для грамадзянскай актывісткі нагодай зьвярнуцца ў сьледчы камітэт. Аднак прыцягнуць вінаватых ў меркаваным злачынстве не ўдалося: сьледчыя палічылі, што ўсе дзеяньні праваахоўнікаў у дачыненьні да Натальлі Стрэльчанкі адбываліся ў межах разгледжанага судом адміністрацыйнага працэсу, у якім яна прызнаная вінаватай, а яе скаргі вышэйстаячымі судовымі органамі прызнаныя неабгрунтаванымі.

Рашэньне структур Сьледчага камітэту Натальля лічыць звычайнымі адпіскамі, падмацаванымі міліцэйскай салідарнасьцю. Таму 28 студзеня 2019 году яна абскардзіла дзеяньні Дубровенскага падразьдзяленьня Сьледчага камітэта ў раённы суд. У скарзе яна выклала аргумэнты павярхоўнага разгляду яе скаргі сьледчымі і запатрабавала абавязаць іх правесьці грунтоўную праверку.

Трэба адзначыць, што на гэтым дубровенская актывістка вырашыла не спыняцца. У выпадку, калі і суд яе не падтрымае, яна мае намер зьвярнуцца па абарону ў Камітэт ААН па правох чалавека, дзе адказчыкамі будуць не міліцыянты, судзьдзі ды сьледчыя, а Рэспубліка Беларусь як гарант законнасьці іх дзеяньняў.  

Паводле harodniaspring.org