Друкаваць гэтую старонку
Субота, 16 Чэрвень 2018

Падвяла пошта? Прафсаюзны актывіст адсутнічаў падчас разгляду яго скаргі ў аблсудзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

Судзьдзя Сьвятлана Іванова зь Віцебскага абласнога суду палічыла справядлівым і законным прызначэньне штрафу ў 1470 рублёў прафсаюзнаму актывісту Віктару Стукаву. Такім чынам, набыла моц ранейшая пастанова полацкага судзьдзі Ўладзімера Лапко на падставе галаслоўнага абвінавачаньня. Спадар Віктар не прысутнічаў на судовым разглядзе яго скаргі ў Віцебску 30 траўня, бо ня быў апавешчаны пра дату суду.

Ліст з паведамленьнем з суду пра дату разгляду скаргі ня быў своечасова ўручаны прафсаюзнаму актывісту – паштовае апавяшчэньне дзіўным чынам дзесьці згубілася. Хібы ў працы пошты на гэтым ня скончыліся: пастанова Віцебскага абласнога суду ішла да адрасата ў Полацак ажно восем дзён – з 4 па 12 чэрвеня.

У прафсаюзе лічаць, што актывіста аштрафавалі дэ-факта за прафсаюзную дзейнасьць: ён аказваў дапамогу работніку. Кансультацыя тычылася працоўнай дзейнасьці і праводзілася ў офісе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ). Паводле прафсаюзьнікаў, усё, што робіцца ў офісе прафсаюзу, падпадае пад абарону міжнароднага стандарту Канвэнцыі №87. «Дзяржаўныя чыноўнікі ўстрымліваюцца ад умяшаньня ў дзейнасьць прафсаюзу», – абвяшчае міжнародная дамова.

Дзіўнымі, на думку сябраў прафсаюзу, зьяўляюцца і паводзіны работніка, які зьвярнуўся па кансультацыю. Зуеў Аляксандар з пасёлку Расоны пасьля кансультацыі, якая яму спадабалася, чамусьці вырашыў зьвярнуцца ў міліцыю. Як запісала судзьдзя Іванова ў пастанове Віцебскага абласнога суду суду, Зуеў «у далейшым стаў сумнявацца ў законнасьці сваіх дзеяньняў, у сувязі з чым зьвярнуўся ў Полацкі РАУС ды паведаміў пра акалічнасьці разьліку са Стукавым за аказаньне юрыдычнай кансультацыі грашовымі сродкамі ў замежнай валюце».

Як адзначаюць у прафсаюзе, прад'яўленае іх актывісту абвінавачаньне пра прыняцьце аплаты за юрыдычную паслугу замежнай валютай нічым не даказанае:
– прадмет меркаванага правапарушэньня (200 расейскіх рублёў) не канфіскоўвалі;
– месца зьдзяйсьненьня меркаванага правапарушэньня (офіс прафсаюзу) не аглядаўся;
– іншых сьведчаньняў абвінавачаньнем суду не пададзена;
– Віктар Стукаў адмаўляе прыняцьце платы за кансультацыю.

Замест доказаў да справы было далучанае апісаньне габінэту ў міліцыі, куды прыйшоў «сумняваецца» Зуеў, а таксама фатаграфіі расейскіх грашовых купюр, якія былі ў яго ў кішэні.

Камэнтуе намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах:

– Нягледзячы на перасьлед прафсаюзных актывістаў у Полацку, Свабодны прафсаюз працягвае аказваць юрыдычную дапамогу работнікам. Зараз юрыдычная служба прафсаюзу дапамагае былой працаўніцы заводу «Шкловалакно» атрымаць кампэнсацыю за вызначанае юрыдычна прафэсійнае захворваньне са стратай працаздольнасьці ў 30%. Некалькі работнікаў зьвярнуліся па дапамогу: працадаўцы адмаўляюць ім у звальненьні, фактычна трымаюць людзей у працоўным «рабстве» бяз права звальненьня, пры гэтым паніжаючы зарплату.

Аляксандар Марозаў