Друкаваць гэтую старонку
Серада, 02 Май 2018

Супраць полацкага актывіста Свабоднага прафсаюзу распачатая адміністрацыйная справа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Стукаў Віктар Стукаў

У Полацку міліцыя абвінаваціла прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава ў парушэньні ўказу прэзыдэнта аб валютных апэрацыях: ён нібыта атрымаў ад нейкага грамадзяніна расейскія рублі за юрыдычную кансультацыю па працоўных пытаньнях. Яму ўручаная позва ў суд. Сябры прафсаюзу ўспрымаюць здарэньне як правакацыю супраць арганізацыі рабочых.

Як распавялі ў юрыдычнай службе Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), з рапарту опэрупаўнаважанага Полацкага аддзелу РАУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксандра Быкава, зь якім азнаёмілі спадара Віктара, вынікае, што нехта Зуеў з Расонаў быў пракансультаваны ў офісе прафсаюзу наконт працоўных пытаньняў 14 красавіка. Зуеў сьцьвярджае, што зь яго ўзялі за кансультацыю 200 расейскіх рублёў, што парушае ўказ прэзыдэнта.

Віктар Стукаў заявіў у міліцыі, што ніякіх грошай ад грамадзяніна Зуева за юрыдычную кансультацыю не прымаў. Усе кансультацыі ў офісе прафсаюзу праходзяць на бясплатнай аснове. Статутам СПБ прадугледжана, што фінансы прафсаюзу фармуюцца з прафсаюзных унёскаў і ахвяраваньняў.

Прафсаюзны актывіст, які пажадаў застацца неназваным, распавёў: «Цяпер шмат рабочых прыходзяць да нас па кансультацыю па працоўных пытаньнях, але гэта першы выпадак, калі пасьля кансультацыі прафсаюзу грамадзянін ідзе ў міліцыю і скардзіцца на парушэньні ў прафсаюзе. У нас ёсьць падставы падазраваць, што гэта правакацыя нейкіх нядобразычлівых да прафсаюзу структураў мясцовай улады або адміністрацыі заводу ААТ «Полацак-Шкловалакно», якія ня могуць забараніць дзейнасьць прафсаюзу».

Беларускім заканадаўствам прадугледжана, што ў справах, зьвязаных з прафсаюзамі, міліцыя абавязаная ўжываць правіла міжнароднай дамовы – Канвэнцыі №87 Міжнароднай арганізацыі працы. У гэтым дакумэнце гаворыцца, што дзяржаўныя органы ўстрымліваюцца ад якога-небудзь умяшаньня ў дзейнасьць прафсаюзу, якое перашкаджае яго статутнай дзейнасьці.

Першае судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да прафсаюзнага актывіста адбылося 25 красавіка, і судзьдзя Ўладзімер Бясецкі адправіў пратакол назад у міліцыю на дапрацоўку.

Робячы «дапрацоўку», супрацоўнікі міліцыі зладзілі сапраўднае паляваньне на прафсаюзнага актывіста з пастаяннымі тэлефанаваньнямі, з вонкавым назіраньнем. І толькі 1 мая, калі Віктар з групай сябраў прафсаюзу рушыў у Менск на прафсаюзны мітынг, машына, у якой ён знаходзіўся, была спыненая, і опэрупаўнаважаны Быкаў уручыў яму позву ў міліцыю на 2 траўня.


Уручэньне позвы па дарозе на мітынг


Опэрупаўнаважаны Быкаў А.С.

Прыйшоўшы па позьве ў міліцэйскі пастарунак, актывіст атрымаў пад подпіс ліст з патрабаваньнем зьявіцца ў Полацкі суд 4 траўня а 15:00. Пад лістом падпісаўся часовы выканаўца абавязкаў начальніка АБЭЗ Крымінальнай міліцыі Полацкага РАУС Ю. А. Гернат.

Цягам апошніх паўгода ў дачыненьні да прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава міліцыя двойчы праводзіла праверкі паводле крымінальнага абвінавачваньня ў паклёпе на намесьніка дырэктара заводу «Шкловалакно». Кожнага разу справа пра паклёп і абразу ў інтэрнэце закрывалася міліцыяй за адсутнасьцю складу злачынства.

Гэткая суворая рэальнасьць прафсаюзнай дзейнасьці ў сучаснай Беларусі...

Аляксандар Марозаў