«Віцебску» не даюць нармальна трэніравацца на палёх мясцовага Цэнтральнага спарткомплексу. Каб трапіць на заняткі, гульцам нават прыходзілася пералазіць праз плот… Па заканчэньні трэніроўкі каманду могуць бесцырымонна выгнаць з поля. Умовы пражываньня нагадваюць пакоі ў савецкім піянэрлягеры ў найгоршым сэнсе гэтага паняцьця. Больш падрабязна пра гэта распавялі капітан каманды Аляксей Халецкі, а таксама вядомы футбольны агент Валер Ісаеў, які падтрымлівае клюб.

Па сканчэньні чатырох месяцаў з моманту ўзбуджэньня крымінальнай справы па факце зьбіцьця сябра партыі БНФ Аляксея Гудзіліна ён зьвярнуўся ў сьледчы камітэт, каб даведацца, як ідзе расьсьледаваньне справы. Высьветлілася: справу пасьпелі прыпыніць, прычым афіцыйна праінфармаваць пра гэта пацярпелага чамусьці не палічылі патрэбным. Затое літаральна на наступны дзень пасьля накіраваньня звароту ў СК была прынятая пастанова аб аднаўленьні справы, надоечы актывіст атрымаў адпаведнае паведамленьне.

Пракурор Віцебскай вобласьці, прапанаваў увесьці канфіскацыю маёмасьці людзей, якія ня могуць растлумачыць, за якія грошы набытыя дарагія дамы і машыны. За 4 месяцы гэтага году ў Віцебскай вобласьці зьдзейсьнена 149 злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці. Больш за палову зь іх - хабары.

Распавёў дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Ушацкага раёну: “На гэтым тыдні ўсім арганізацыям гораду прыйшло распараджэньне з райвыканкаму: нават не спытаўшы згоды, нас замацавалі за жывёлагадоўчымі фэрмамі і прымушаюць штодня адпраўляць сваіх людзей у гаспадаркі і наводзіць парадак. Мы ўжо адпрацавалі там некалькі дзён, але зараз прыйшла тэлефанаграма, што 10-15 чалавек павінны прыехаць яшчэ і ў выходныя. У мяне язык не паварочваецца сказаць пра гэта сваім супрацоўнікам, якія і так увесь тыдзень на мяжы сіл працуюць. Людзям трэба даць адпачыць”.

Зьезд аб’яднаньня сябраў аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віцебшчыны быў ледзь не сарваны, пасьля таго як прадстаўнікі з вобласьці ня змаглі даехаць у Віцебск. Іх выклікалі на працы ў выходны дзень, паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

«Беларускі Хэльсынскі камітэт» і праваабарончы цэнтар «Вясна» выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць зрабіць адкрытым працэс над Андрэем Гайдуковым. Актывіста вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Крымінальная справа накіраваная ў Віцебскі абласны суд.

У КУСП «Кашчынскае» Чашніцкага раёну мала таго, што пэрыядычна затрымліваюць выплату заработнай платы, дык і часткова выдаюць яе натуральнымі прадуктамі - дарагой кілбасой, тушанінай і нават фаршам. Пра гэта стала вядома, калі на гарачую лінію падчас маніторынгу працы выканаўчых і распарадчых ворганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Чашніцкім раёне да старшыні Камітэту дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Якабсона датэлефанавалася працаўніца гаспадаркі Марыя Чарвінская.

З 31 траўня па 2 чэрвеня ў Віцебску праходзіць габрэйская міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канфэрэнцыя «Арт-Лімуд Беларусь». Гэткая канфэрэнцыя адбываецца ўпершыню ў Беларусі. Яна зарганізаваная ў межах міжнароднага адукацыйнага праекту «Лімуд-СНД» для габрэйскай моладзі краін былога СССР.

Старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў адказ на свой зварот на імя губэрнатара Аляксандра Косінца наконт захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны ў мястэчку Смаляны пад Воршай. Як вынікае з адказу за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева, з трох просьбаў, выказаных у звароце, улады вобласьці вырашылі задаволіць толькі адну.

29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут у 1930-50-я гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян. Некалькі гадоў таму каля вёскі Паляі зьявіліся першыя крыжы, усталяваныя ў памяць пра бязьвінных ахвяраў. Некалькі разоў крыжы зьнішчалі, але зьяўляліся новыя. Цяпер мэмарыял, зроблены рукамі актывістаў, уяўляе сабой 5 драўляных і два зялезныя крыжы. Адзін з крыжоў вышынёй пад 6 мэтраў з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму».