Пасьля пераезду ў Віцебск зь Лёзьненскага раёну малады спэцыяліст Алена Абрамава прапісалася ў інтэрнаце ААТ «Чырвоны Кастрычнік» на пр. Люднікава, 11 ( вядомым як «шайба»), дзе і па гэты дзень займае ложка-месца. Але калі нарадзілася дзіця, паўстала пытаньне пра высяленьне, бо з малым у гэтым інтэрнаце нельга, а ва ўласнасьці ў маці-адзіночкі ніякага жытла няма. З такой праблемай сутыкаюцца многія іншагароднія маладыя людзі і асабліва сям’і, якія ня маюць магчымасьці здымаць кватэру.

«Пасьля разьмяшчэньня ў Інтэрнэце асуджэньня разгону ў Кіеве мірнага “Майдану”, пасьля разьмяшчэньня інфармацыі пра тое, што Беларуская кансэрватыўная партыя “Белая Русь” асудзіла разгон ў 2012 годзе мірнай дэманстрацыі на Балотнай плошчы і зьбіраецца далучыцца да міжнароднай ініцыятывы аб правядзеньні Дня памяці ахвяр разгону сьнежня 2010 году ў Менску, пракуратурай Віцебскай вобласьці было вынесенае мне афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі», – паведаміў віцебскі палітык Сяргей Рыжоў.

2 сьнежня кіраўнік незарэгістраванай партыі «Белая Русь» Сяргей Рыжоў быў прысуджаны да штрафу ў 10 базавых велічынь (1 мільён 300 тысяч рублёў) нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня. Здаецца, аднак, наперадзе палітыка чакаюць новыя нягоды: неўзабаве Рыжоў, магчыма, будзе падвергнуты яшчэ аднаму штрафу за іншае адміністрацыйнае правапарушэньне. А таксама яму пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да 2-х гадоў паводле артыкулу крымінальнага кодэксу.

Крэатыўныя аўтары, патэнцыйныя партнэры і прадстаўнікі адкрытага для супрацы чынавенства ў адной залі. Магчыма? Так, у Віцебску магчыма ўсё! 28 лістапада адбыўся Віцебскі “Кірмаш праектаў”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма!” ужо другі раз.

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу паводле артыкулу 290 (пагроза зьдзяйсьненьнем акту тэрарызму) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да сябра незалежнага прафсаюзу (БПР РЭП) Валера Місьнікава. Старшы сьледчы СК А. Грынявецкая ня ўгледзела ў дзеяньнях актывіста складу злачынства, за якое заканадаўствам прадугледжана максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 8 гадоў.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 28 лістапада 2013 году Андрэю Іванову і Ігару Скарыновічу прысвоеныя спэцыяльныя званьні палкоўнікаў міліцыі. Зьяўляючыся намесьнікамі начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму, абодва гэтыя супрацоўнікі часта несьлі ахову правапарадку як на санкцыянаваных, гэтак і на несанкцыянаваных мерапрыемствах у Віцебску. Таму многім месьцічам даводзілася сутыкацца зь імі часьцей, чымся зь іншымі міліцыянтамі.

Пасьля шматлікіх пісьмовых зваротаў — як ад дэмакратычных актывістаў, так і ад шараговых жыхароў — у Воршы зачынілі мост цераз Днепр. Пытаньне фінансаваньня яго рамонту застаецца адкрытым. Каб забараніць рух транспарту па аварыйным мосьце, спатрэбілася каля двух гадоў.

Пры Віцебскім аблвыканкаме будзе створаны Савет па вонкавай рэкляме. Такое рашэньне прыняў 28 лістапада на паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму ягоны старшыня Аляксандар Косінец падчас разгляду пытаньня пра стан вонкавай рэклямы на тэрыторыі рэгіёну і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Цяперашні стан вонкавай рэклямы ў Віцебску і райцэнтрах вобласьці Аляксандар Косінец раскрытыкаваў.

29 лістапада ў віцебскім катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроці абвясьціў, што Папа Рымскі Францішак прызначыў у Беларусі трох новых біскупаў. Адзін зь іх – 41-гадовы ксёндз Алег Буткевіч, узначаліў Віцебскую дыяцэзію. Віцебская дыяцэзія была бязь біскупа з 25 лютага гэтага году. Былы біскуп Уладзіслаў Блін падаў у адстаўку па стане здароўя.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску разглядаецца пазоў Рэспубліканскага шпіталя спэлеалячэньня, які знаходзіцца ў Салігорску, супраць Аляксандра Кірылава аб паклёпе на гэтую мэдустанову. Кірылаў, які называе сябе функцыянэрам незарэгістраванай партыі «Белая Русь», у верасьні лячыўся ў спэлеалячэбніцы ад бранхіяльнай астмы. Канфлікт з пэрсаналам у хворага ўзьнік пасьля таго, як ён пачаў скардзіцца на парушэньне правілаў унутранага распарадку і неаказаньне пацыентам на бясплатнай аснове мэдычных паслуг.