У нядаўна адкрытай краме сувэнірнай прадукцыі «Вітаўт» вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў зладзіў прэзэнтацыю новага музычнага альбому «Кароткая гісторыя Беларусі», які быў запісаны на словы сьляпога паэта са Скідзелю (Гарадзенская вобласьць) Алеся Чобата.

Пасьля больш як месячнага маўчаньня віцебскія праваабаронцы атрымалі доўгачаканы ліст ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Страту камунікацыі са зьнешнім сьветам Міхаіл Ігаравіч патлумачыў тым, што працяглы час, 29 сутак, ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

У Полацку 20 верасьня ў гарадзкім судзе старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала праводзіў выязны прыём грамадзян. На прыём запісалася 12 чалавек па пытаньнях, што ўваходзяць у кампэтэнцыю суду. Старшыня вёў прыём цягам дзьвюх гадзін – у сярэднім выходзіла па 10 хвілін на наведвальніка. Папярэдні прыём у Полацку Валянцін Сукала праводзіў у 2015 годзе.

Напісаў скаргу на лекі ад дыябэту беларускай вытворчасьці – атрымаў курс прымусовага псыхіятрычнага лекаваньня. Гэта гісторыя нашага героя зь Віцебску ў некалькіх словах. Празь перажытыя зьдзекі ў вар’ятнi ды боязь зноў апынуцца ў «жоўтым доме» ён баіцца паказаць на відэа твар.

«Бээнэфавец сказаў бабулі, што выража ёй на лбе крыж, калі апазыцыя прыйдзе да ўлады!» – такую гісторыю распавяла віцебскі палітык Вольга Карач. У фэйсбуку яна пакінула камэнтар з расказам пра мясцовага лідэра БНФ, які нібыта пагражаў выразаць крыж на лбе суседкі.

Мікола Конан атрымаў 10 год лягераў за адмову стаць “сексотам” КДБ. А перасьлед спадара Міколы пачаўся, калі ён, яшчэ ня ведаючы пра існаваньне Саюзу беларускіх патрыётаў, друкаваў для іх прысягу на просьбу сябра Васіля Мядзельца. Гэта адбывалася падчас яго навучаньня ў Глыбоцкай пэдвучэльні.

Эканамічнае падзеньне на Віцебшчыне працягваецца. У студзені–жніўні 2017 году толькі ў дзьвюх абласьцёх краіны – Віцебскай і Магілёўскай – сукупны рэгіянальны прадукт (СРП) прадоўжыў падзеньне, што цягнулася ў беларускіх рэгіёнах два гады. У чатырох іншых абласьцёх Беларусі СРП пачаў расьці.

Вядомы на ўсю краіну і за яе межамі Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат, вытворцу знакамітага глыбоцкага згушчанага малака, далучылі ў якасьці філіялу да менш пасьпяховага і не такога буйнога Глыбоцкага камбікормавага заводу.

У Віцебску прад'явілі абвінавачаньне за абразу ў сацыяльных сетках судзьдзі. Здарэньне адбылося ў лістападзе мінулага году. Жыхар абласнога цэнтру зьмясьціў на сайце адной з тэматычных суполак, прысьвечаных Віцебску, тэкставы камэнтар, які «па сваім зьмесьце ўтрымлівае лінгвістычныя прыкметы абразы судзьдзі», інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава.

31-гадовую Вольгу Сьцяпанаву прызналі вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня. На час, прадугледжаны для абскарджаньня прысуду, меру стрыманьня для яе зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе (4 месяцы да суду Вольга Сьцяпанава знаходзілася ў СІЗА).