Суддзя суд Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня 28 жніўня пакараў штрафам у памеры 740 рублёў жыхарку абласнога цэнтра Алену Базванаву, якая па версіі ўладаў займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх публікацый у сацыяльнай сетцы.

23 траўня старшы лейтэнант унутранай службы, старшы інспектар кадравага і ідэалагічнага аддзела папраўчай калоніі №3 Аляксей Баравы быў асуджаны судом Віцебскага раёна за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Паводле ч.2 арт. 426, суд прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 300 базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады ў праваахоўных органах на працягу 5-ці гадоў. У выніку амністыі, абвешчанай да Дня народнага адзінства, тэрмін зняволення былому супрацоўніку «Віцьбы-3» зменшылі на адзін год. А цяпер яшчэ і вярнулі званне старшага лейтэнанта ўнутранай службы», бо Віцебскі абласны суд вырашыў, што пакараны пазбаўлены яго незаконна.

Суддзя суда Гарадоцкага раёна Ганна Гурынава арыштавала грамадзяніна Расійскай федэрацыі Віктара Мішчанку на двое сутак за тое, што ён правёў пікетаванне ў Гарадку без дазволу мясцовага райвыканкама.

Рашэннем Міністэрства юстыцыі Аддзел прымусовага выканання Глыбоцкага раёна рэарганізаваны ў Глыбоцкі міжраённы аддзел прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. А 15 верасня ўлады ўрачыста адчынілі будынак аддзела ў Глыбокім.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 8 верасня прыняла пастанову пакараць арыштам на 15 сутак Мікалая Юрцэвіча за тое, што ён правёў у сацыяльнай сетцы пікетаванне, на якое не атрымаў дазвол ад мясцовага гарадскога выканкама.

Як піша мясцовая раёнка, у Глыбокім у рамках адукацыйнага праекта "Адкрытая кафедра" прайшла сустрэча на тэму "Захаванне і ўмацаванне беларускай дзяржавы - у адзінстве беларускага народа". Сустрэча адбылася па ініцыятыве Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры дзяржаўнага аб'яднання "Беларускае таварыства "Веды".

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 1 верасня за распаўсюджванне матэрыялаў, прылічаную ўладамі да катэгорыі «экстрэмісцкіх», аштрафавала загадчыцу аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Талачыну Таццяну Пабяржыну.

Рашэннямі раённых выканаўчых камітэтам утвораны дадатковыя кіраўнічыя адзінкі - "Сектар культуры". Гэтая кіраўнічая структура выведзена з Аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў, набыла сваё самастойнае бюджэтнае фінансаванне і сферу дзейнасці. Звычайна ў штаце раённага сектара культуры працуюць два чалавекі-загадчык сектара і галоўны спецыяліст.

Былы намеснік дырэктара БелаПАН, асуджаны на 14 гадоў калоніі, адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі № 2 з канца 2022 году. Паводле сваякоў, ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, збівае скрыні і паддоны.

9 судовых працэсаў прайшло ў гарадскім судзе Наваполацка ў адзін дзень, 7-га верасня. Напярэдадні ў мясцовым тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, у здзеклівай форме паведамлялася пра «фестываль «Хапун» на наваполацкім прадпрыемстве «Палімір», падчас якога былі затрыманыя некалькі работнікаў праектна-канструктарскай службы і іншых структурных падраздзяленняў – сілавікі праверылі ў іх тэлефоны і знайшлі падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія» інтэрнэт-рэсурсы.