8 жніўня суд Расонскага раёну прызнаў 56-гадовага дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Краснапольле» Сяргея Карпенку, які кіраваў гаспадаркай 24 гады, вінаватым у атрыманьні хабару шляхам вымаганьня.

Стала вядома, хто канкрэтна будзе працаваць у раённых камісіях па каардынацыі працы па спрыяньні занятасьці насельніцтва. Сьпісы сябраў камісій “па дармаедах” Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску апублікаваныя нядаўна на сайце гарвыканкаму. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну інфармацыяй пакуль ня дзеліцца.

З прапановай узяць на сябе абавязак апекавацца іншаземцамі, якія знаходзяцца ў вязьніцах Беларусі, зьвярнуўся ў рэспубліканскі Чырвоны Крыж віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. І атрымаў дзіўны адказ за подпісам намесьніцы генэральнага сакратара арганізацыі Раманіі Скамарошкі. Яна паведаміла, якімі законамі кіруецца Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, якая дзяржаўная структура выконвае функцыі ў сфэры выкананьня і адбыцьця пакараньняў, але ні слова не напісала па сутнасьці прапановы.

Зь 1 верасьня зноў падвышаюцца кошты на навучаньне ў вышэйшых навучальных установах для студэнтаў-платнікаў. Гэтак, віцебскія ВНУ падвысілі гадавы кошт навучаньня ў сярэднім на 300-400 рублёў.

Затрыманьне адбылося ў другой палове дня 8 жніўня каля вёскі Бараўляны, калі група актывістаў вярталася дадому ў Віцебск пасьля варты каля рэстарацыі «Поедем поедим»​ побач з Курапатамі. Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву адвезьлі ў бараўлянскі пастарунак.

За 2017 год стацыянарныя крыніцы (прамысловыя прадпрыемствы) Наваполацку выкінулі ў паветра 51,7 тысяч тон забруджвальных рэчываў. Гэта амаль у тры разы больш за гадавыя выкіды Менску і ў 17 разоў больш за аб’ём забруджваньня паветра ў Віцебску.

Пісьмовы адказ зь Віцебскага райвыканкаму на калектыўны зварот, атрыманы 25 ліпеня, не дадаў аптымізму сябрам ініцыятывы «Хайсы». Чацьвёрты год актывісты дамагаюцца ад мясцовых уладаў прызнаць датычнасьць пахаваньняў у ваколіцах вёсак Дрыкольле і Хайсы (Віцебскі раён) да рэпрэсіяў часоў сталінізму.

Ніякіх радыкальных перамен і забаронаў “фанэры” не чакаецца. Але першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга паабяцала аўтарам пэтыцыі “За жывы гук” “узмацніць кантроль” і разабрацца з сытуацыяй, якая склалася на  фэстывалі нацыянальных культур. Пры выкарыстаньне фанаграм на канцэртах “Славянскага Базару” ў Віцебску – ані слова.

У Менску 28 ліпеня адбыўся XII зьезд Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Старшынём СПБ  на альтэрнатыўнай аснове быў абраны Мікола Шарах, які раней зьяўляўся намесьнікам старшыні СПБ па Віцебскай вобласьці.

Напрыканцы ліпеня на сайце realt.by зьявілася абвестка аб продажы бацькоўскай хаты Уладзімера Караткевіча ў Воршы. Менавіта ў гэтым доме Караткевіч напісаў сваё славутае “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Аршанскія актывісты прапануюць усёй грамадой выкупіць дом і зрабіць у ім культурніцкую пляцоўку.