Віцебскаму лекару Ігару Пастнову, які больш за месяц знаходзіўся на прымусовым лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, прапанавалі працягнуць працу ў гэтай самай установе. «Я цяпер на бальнічным, мяне ніхто і ня звольніў. Галоўны ўрач прапануе мне стаць лекарам-нарколягам», - распавёў Пастноў, які раней працаваў у гэтым жа цэнтры псыхіятрам.

25 верасьня выбітны беларускі дзеяч Алесь Бяляцкі, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі ў Бабруйску, адзначае сваё 51-годзьдзе. Віцебскія калегі праваабаронцы накіравалі ў яго адрас свае віншаваньні і пажадалі яму найхутчэйшага вызваленьня.

Галоўным аргумэнтам на карысьць абвінавачанай жанчыны зьяўляецца адсутнасьць зразумелага матыву злачынства. Такім чынам віцебскі праваабаронца Павал Левінаў пракамэнтаваў прызнаньне віны падазраванай у зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску. «У гэтым выпадку незразумелы матыў злачынства. Што хацела гэтая жанчына даказаць выбухам, і чым ёй насаліў КДБ? Вядома, што яна была судзімая, але наўрад ці яе судзіў КДБ. У такім выпадку яна павінна была быць пакрыўджаная на пракуратуру, на міліцыю, якая сваімі супрацьпраўнымі дзеяньнямі прычыняла ёй пакуты», - лічыць праваабаронца.

Віцебскі праваабаронца Пётар Іваноў атрымаў са Сьледчага камітэту чарговае паведамленьне пра адмову ва ўзбуджэньні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы. Раней сьледчыя органы ўжо двойчы выносілі пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць яго, але потым тыя пастановы былі адмененыя. Ня выключана, што і чарговая пастанова будзе адмененая, і справа ўсё-такі будзе ўзбуджаная. Пятру Іванову па-ранейшаму пагражае зьняволеньне на тэрмін да 3-х гадоў.

Напрыканцы жніўня пачаў працаваць сайт газэты “Вітебскіе весті”, заснавальнікам якой зьяўляецца Віцебскі аблвыканкам. Сайт зьмяшчае публікацыі з папяровай газэты, а таксама публікуе PDF-вэрсію выданьня. Вэб-рэсурс вылучаецца высокім узроўнем дызайну. Штодня ен публікуе 5-6 навінаў. Аднак чытачоў пакуль што вобмаль: рэдка які матэрыял набірае больш за 100 праглядаў.

Абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску 42-гадовая мясцовая жыхарка прызнала сваю віну ў судзе і распавяла пра матывы, якія штурхнулі яе на гэты ўчынак. Паводле ейных слоў, такім чынам жанчына хацела пасеяць паніку сярод супрацоўнікаў КДБ, бо лічыла, што яны нядбала паставіліся да пошуку хуліганаў, якія некалькі гадоў таму ўчынілі выбух у пад’езьдзе яе дому.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў сёньня выйшаў на свабоду. Урачэбна-кансультацыйная камісія Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, у якiм Ігар Пастноў утрымліваўся гвалтоўна, прыняла рашэньне аб пераводзе яго на дзённы стацыянар. Ён па-ранейшаму мусіць праходзіць мэдычныя працэдуры, але начаваць будзе дома.

Віцебская абласная пракуратура адмовіла актывісту Сяргею Рыжову (на фота) ва ўзбуджэньні крымінальнай справы на падставе яго заявы пра факты ціску на лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Рыжоў падаў скаргу ў пракуратуру Віцебскай вобласьці 16 верасьня, патрабуючы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці дзевяць чалавек, у тым ліку кіраўніцтва абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, судзьдзю суду Віцебскага раёну Тацьцяну Дзегцярову і старшыню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандра Косінца.

Нагадаем чытачам пра лёс праўдалюба ад мэдыцыны. Ігар Аляксеевіч скончыў мэдычны інстытут з чырвоным дыплёмам, працаваў участковым пэдыятрам. Да 2008 года ў яго працоўнай кніжцы толькі падзячныя запісы за добрую працу. Але як толькі Ігар Пастноў загаварыў услых пра хваробы віцебскай аховы здароўя, стаў ізгоем у сыстэме Міністэрства аховы здароўя.

17 верасьня праваабаронца Пётар Іваноў наведаў доктара Ігара Пастнова у Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, дзе той знаходзіцца на прымусовым лячэньні. Спадар Іваноў паведаміў, што напярэдадні яго візыту ў шпіталь адбылося паседжаньне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, якая зьменшыла апальнаму доктару дозу нэўралептыкаў. Згодна з заключэньнем камісіі, неўзабаве Ігар Пастноў можа быць пераведзены на дзённы стацыянар.