Віцебскія пэдагогі выказваюць незадаволенасьць тым, што раённыя аддзелы адукацыі абавязваюць іх і вучняў выкупляць квіткі на хатнія матчы мясцовага футбольнага клюбу.

27 верасьня ў Гарадку адбылося мерапрыемства, якое ніяк не анансавалася ў праграме сьвяткаваньня “Дажынак – 2014” Віцебскай вобласьці. У Вераб’ёвых гарох адкрылася лыжаролерная траса, якую паводле афіцыйнай інфармацыі пабудавалі за… тыдзень.

Зьміцер Вайцюшкевіч 28 верасьня выступіў у памяшканьні полацкай грэка-каталіцкай парафіі. Канцэрт сьпевака ў Полацку павінен быў адбыцца яшчэ 13 лістапада мінулага году, але яго забаранілі ўлады, а арганізатарку канцэрту, дырэктарку полацкага Цэнтру рамёстваў Валянціну Крук неўзабаве звольнілі з працы.

Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў апошнім летнім месяцы склала 5.692.850 і за месяц зьменшылася на 18.022 рублі. Зьніжэньне заробкаў у жніўні адбылося ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Дзякуючы гэтаму Віцебская вобласьць нарэшце перастала ўтрымліваць лаўры самага нізкааплатнага рэгіёну краіны.

Штогоднік «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне» публікуецца праваабаронцамі ўжо трэці сэзон запар. Новы выпуск, які складаецца больш як са 140 старонак, ахапляе сабой пэрыяд зь ліпеня 2013 па чэрвень 2014 гадоў.

Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь узбуджаная крымінальная справа па факце гібелі рабочых ААТ «Белэнэргарамналадка» падчас вытворчасьці рамонтных работ на Наваполацкай ЦЭЦ. Сьледчымі праведзены шэраг аглядаў на прадпрыемстве. У цяперашні час ажыцьцяўляецца выманьне дакумэнтацыі, вядуцца допыты спэцыялістаў ЦЭЦ. Прызначаныя экспэртныя дасьледаваньні. Сьледчая група працягвае працу на месцы.

25 верасьня раніцай адбыўся пажар на складзе ААТ «Арэхаўскі льнозавод» ў Аршанскім раёне. Агнём зьнішчаны 50 тон ільнотрасты. Пацярпелых няма. На месца здарэньня неадкладна прыбылі супрацоўнікі падразьдзяленьняў МНС. Удалося выратаваць большую частку сыравіны - 720 тон. Прычына ўзгараньня і нанесеная шкода ўстанаўліваюцца. Расьсьледаваньнем займаецца Сьледчы камітэт: спэцыялісты апытваюць відавочцаў, працуе крыміналістычная лябараторыя.

23 верасьня ў Віцебску была створаная пляцформа для сумеснай дзейнасьці палітычных і грамадзкіх структур гораду. На сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, гарадзкой арганізацыі камуністаў “Справядлівы сьвет”, НГА “Пэрспэктыва”, “Вольны горад”, “Гавары праўду” былі абмеркаваныя найбольш вострыя праблемы гораду.

Вядомы беларускі пісьменьнік, журналіст, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч прадставіць свой новы раман “Мова 墨瓦” на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Аб гэтым аўтар кнігі, якую называюць “баявіком” пра беларускую мову, паведаміў прыхільнікам сваёй творчасьці на сустрэчы ў Віцебску. Яна адбылася 23 верасьня ў бітлз-клюбе “Паддашак”.

«Вылучыце зямельныя ўчасткі для арганізацыі пляцовак для гульні ў лязэртаг і вяровачнага парку на дрэвах у парку “Мазурына”» - так называецца пэтыцыя, пад якой зьбіраюць подпісы інтэрнэт-карыстальнікаў.