У выбарчай кампаніі Гарадоцкага райсавету 27 скліканьня выпраўленае парушэньне выбарчага заканадаўства аб утварэньні выбарчых акругаў, зь якім жылі дэпутаты райсавету амаль чатыры гады. Пад час ранейшай кампаніі 2010 году ў Гарадоцкім райсавеце было ўтворана 18 акругаў, памеры якіх па колькасьці выбаршчыкаў парушалі Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

У Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбачую камісію ўключаныя 13 сябраў з 17 прэтэндэнтаў. Прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка будзе адзіным у камісіі зь ліку віцебскіх дэмакратаў. Намесьніка старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава ў камісію не ўключылі. Як не ўключылі і праваабаронцу Паўла Левінава, які вылучаўся шляхам падачы заяваў грамадзян.

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча сустрэлася зь ім у турме. «Доўгатэрміновае спатканьне» адбылося 24 сьнежня і працягвалася менш за суткі. У інтэрвію сайту charter97.org Валянціна Аліневіч распавяла пра ўмовы ўтрыманьня свайго сына.

Званьне “Чалавек году Віцебску” ў 2008 годзе заснавала рэдакцыя незалежнага сайту “Народныя навіны Віцебска”. Ігар Пастноў намінуецца ўжо другі год запар, і ў першы ж дзень галасаваньня ён стаў лідэрам па колькасьці галасоў. Галасаваньне на сайце пачалося ў абед 4 студзеня, і на 21:00 за Ігара Пастнова прагаласавалі 48 чалавек – гэта найбольшая колькасьць галасоў, аддадзеная за аднаго намінанта.

Многія месьцічы, якія прыйшлі паглядзець на традыцыйны парад Дзядоў Марозаў у Віцебску, зьвярнулі ўвагу на тое, што апроч саміх дзядуляў, сьнягурак ды розных казачных пэрсанажаў у парадзе ўзяла ўдзел неверагодная колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Міліцыянты зганялі людзей з праезнай часткі на ходнікі, каб яны не заміналі руху калёны Дзядоў Марозаў.

Як лічыць вядомы віцебскі апазыцыянэр, у краіне нічога не зьмянілася, пачынаючы з 1996 году, калі, як ён кажа, «адбыўся антыканстытуцыйны пераварот». Таму нельга браць удзел у мясцовых выбарах, якія мяркуецца зладзіць ўвесну 2014 году. На думку палітыка, браць удзел у выбарах – значыць пацьвердзіць легітымнасьць «кіруючай групоўкі».

26 сьнежня прадстаўніка рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт» Леаніда Сьвеціка не дапусьцілі на сумеснае паседжаньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту і Прэзыдыюму Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў па ўтварэньні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў горадзе Віцебску. Фармальнай прычынай нядопуску на паседжаньне стала адсутнасьць Леаніда ў сьпісе запрошаных.

Жыхары Віцебску пачалі знаходзіць у сваіх паштовых скрынях дзіўныя «жыроўкі» - яны зьмяшчаюць астранамічныя сумы камунальных плацяжоў і папярэджаньні пра рост коштаў з 1 студзеня 2014 году на розныя паслугі. Калі перавярнуць «жыроўку», то аказваецца, што гэта перадвыбарчая ўлётка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Нягледзячы на даўгі “Віцебску”, якія складаюць 240 мільёнаў рублёў, выканкам Фэдэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь пастанавіў пакінуць каманду ў чэмпіянаце краіны. Клюб зьбіраўся знайсьці грошы ў фундатараў, але, відаць, гэтага зрабіць не ўдалося. Фэдэрацыяй хакея былі атрыманыя гарантыйныя лісты Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту. З 1 лістапада каманда стала бюджэтнай.

У рэдакцыю Onliner.by прыйшоў ліст ад настаўніка віцебскай гімназіі. Выкладчык у зьдзіўленьні, чаму яго абавязваюць ўдзельнічаць у гарадзкім парадзе Дзядоў Марозаў, і пры гэтым трэба быць абавязкова ў касьцюме, а дзе яго ўзяць - незразумела. У лісьце напісана наступнае: «Парад - гэта крута, але да яго, як у нас заведзена, далучаюць кучу людзей, якія ня маюць і ня жадаюць мець да яго дачыненьня».