Калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду аднавіла права жыхара Віцебску Аляксандра Антоненкі на свабоду выезду за межы краіны. Ранейшае рашэньне старшыні суду Кастрычніцкага раёну Яўгена Бурунова, згодна зь якім права на выезд Антоненка было абмежаванае, калегіяй прызнанае незаконным і скасаванае.

Больш за шэсьць месяцаў спатрэбілася Віцебскаму раённаму аддзелу Сьледчага камітэту, каб дасьледаваць косткавыя парэшткі, знойдзеныя паблізу вёсак Хайсы і Дракольле, і вынесьці рашэньне аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

У Наваполацку працягваюць штрафаваць за вывешаны 19 траўня сьцяг. Усьлед за сябрам аргкамітэту БХД Дзьмітрыем Дзякавым, пакараным «па гарачых сьлядох» 20-цю базавымі велічынямі, праз 2 дні штраф у 10 базавых быў накладзены на студэнтку Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая пажадала застацца невядомай. Апошняя пастанова аб штрафе была вынесеная 26 траўня. Згодна зь ёй, 10 базавых велічынь у даход дзяржавы мусіць заплаціць Яўген Бялянка, гулец гандбольнага клюбу імя Лёвіна.

«Добраўпарадкаваньне дарогі [што вядзе да месца масавых пахаваньняў] у лесе немэтазгодна ў сувязі з правядзеньнем пошукавых работ», - такі адказ на зварот актывістаў аргкамітэту па стварэньні грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” атрымаў Ян Дзяржаўцаў. Пад адказам стаіць подпіс старшыні Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту Леаніда Дубіны.

Канстытуцыйны Суд краіны ў асобе начальніка сакратарыяту Аляксандра Каравая адмовіўся выказаць прававую пазыцыю суду наконт пытаньняў абмежаваньня і абароны права прыватнай уласнасьці. Пра гэта суд прасіў праваабаронца Леанід Сьвецік.

Канфэрэнцыя «Душпастырства і сацыяльная дапамога зьняволеным у месцах пазбаўленьня волі», якая праходзіла на базе Віцебскай духоўнай сэмінарыі, сабрала праваслаўных і каталіцкіх герархаў зь Беларусі, Расеі, Украіны і Аўстрыі, а таксама праваахоўнікаў і навукоўцаў-пэнітэнцыярыстаў з вышэйшых навучальных устаноў.

Разам яны разьбіраліся, як лепш арганізаваць посттэалягічную адукацыю і навучаньне сьвятароў, якія нясуць служэньне ў папраўчых установах, каб яны маглі ў поўнай меры аказваць духоўна-пастырскую, псыхалягічную, юрыдычную і сацыяльна-адаптацыйную дапамогу вязьням.

У завяршэньне форуму замежнікам паказалі, якія ўмовы створаныя ў нашай краіне для асоб, якія адбываюць пакараньне. Госьці наведалі лячэбна-працоўны прафілякторый у Наваполацку і папраўчую калёнію ў Віцебску. Да прыкладу, у ПК-3 яны азнаёміліся з умовамі жыцьця і побыту пастаяльцаў, наведалі мясцовую царкву. Апроч таго, там адбылося падпісаньне рэзалюцыі па выніках канфэрэнцыі.

«Мы прынялі вельмі важны дакумэнт, зьвязаны з арганізацыяй адукацыйнага працэсу для турэмных сьвятароў. Асабліва для тых зь іх, хто ў далейшым стане штатным супрацоўнікам крымінальна-выканаўчай сыстэмы Расеі, Украіны і Беларусі, – сказаў старшыня сынадальнага аддзелу па турэмным служэньні Маскоўскага патрыярхату япіскап Краснагорскі Ірынарх (Грэзін). – Выказваем падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у працы канфэрэнцыі, у тым ліку аўстрыйскаму біскупу Францу Шарлю».

Задаволены вынікамі паездкі ў Беларусь і доктар Карл Дрексьлер, пракурор зь Вены. На яго думку, прыняцьце рэзалюцыі – важны крок у разьвіцьці адносін паміж нашымі краінамі і ўдасканаленьні мэтадаў працы з людзьмі, што спатыкнуліся, , які дазваляе ім вярнуцца да нармальнага жыцьця.

Крыніца: Витебские вести 

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці вынес вызначэньне аб адкрыцьці конкурснага вядзеньня ў дачыненьні да віцебскага ААТ «КІМ» па справе аб яго банкруцтве. Па завяршэньні гэтай спэцыяльнай працэдуры будзе вызначаны далейшы лёс – санацыя або ліквідацыя – фабрыкі, якой ў 2016-м споўніцца 85 гадоў з дня заснаваньня.

Расколіна зьявілася на адной з 16 чыгунных калёнаў, разьмешчаных вакол сярэдняй часткі піраміды помніку героям Айчыннай вайны 1812 году. Расколіна “ўпрыгожвае” калёну помніку ўжо больш за 10 дзён.

Актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Дзьмітры Дзякаў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў (3,6 мільёну рублёў). 19 траўня прыблізна а 15:30 ён вывесіў у Наваполацку бел-чырвона-белы сьцяг з надпісам “БХД” на агароджу сквэру па вуліцы Маладзёжнай насупраць плошчы Будаўнікоў.

Справу Міхаіла Жамчужнага будзе разглядаць Віцебскі абласны суд. Працэс будзе закрытым. Пра гэта паведамляе сайт прыватнай культурна-асьветніцкай установы «Платформ інавэйшан».