У кастрычніку намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў Віцебскай вобласьці складала ўсяго 710 рублёў 10 капеек, або каля 355 даляраў ЗША.

8 лістапада з 39-гадовым дырэктарам КУП «ЖКГ г. Полацку» Андрэем Сідзюком, які таксама зьяўляецца дэпутатам Полацкага райсавету, скасавалі кантракт з дыскрэдытацыйных абставінаў. 

На заяўку актывістаў АГП у Мёрах атрыманая адмова, пікет «Стоп дзедаўшчына – у войску і краіне!» улады правесьці не дазволілі. Патлумачылі гэта адсутнасьцю дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і ЖКГ.

Форум рэгіянальнага разьвіцьця, арганізаваны грамадзкай кампаніяй “Гавары праўду”, сабраў 139 удзельнікаў з большасьці рэгіёнаў Віцебскай вобласьці. Мерапрыемства адбылося 25 лістапада. У яго межах прайшлі тры панэльныя дыскусіі па актуальных для Віцебшчыны сацыяльна-эканамічных праблемах.

Грамадзяне Ўкраіны некалькі месяцаў безвынікова шукаюць хоць якую працу ў Віцебску. Маладая пара ў адчаі зьвярнулася па дапамогу ў сацыяльныя сеткі і атрымала безьліч саркастычных камэнтароў. Карыстальнікі раілі як мага хутчэй купляць зваротны білет: “тут сваіх абадранцаў хапае”. “Гэта ж у якой краіне трэба жыць, каб прыехаць у РБ на заробкі?..” – пішуць.  Украінцы ж пакуль не здаюцца…

У пятніцу, 24 лістапада, суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў скаргу групы грамадзян наконт неўключэньня праваабаронцы Паўла Левінава ў склад гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у гарсавет. У выніку судовага разбору скарга не была задаволеная, перагляду рашэньня гарадзкіх уладаў ня будзе.

У нядзелю, 26 лістапада, жыхары Віцебску віншавалі з народзінамі славутага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Да помніка паэту ў Віцебску прыходзілі з кветкамі, вершамі і цёплымі словамі падзякі. Ускладаньне кветак здалёк фіксавалі на відэакамэру супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але да Караткевіча не набліжаліся… 

24 лістапада Аляксандар Мілінкевіч, як адзін з ініцыятараў ідэі стварэньня і арганізацыі будучай навучальнай установы, падзяліўся з прысутнымі асноўнымі ідэямі, якія будуць пакладзеныя ў падмурак унівэрсытэту. Сустрэча адбылася ў віцебскім Эўрапейскім клюбе.

Пабачыў сьвет пяты нумар гістарычнага альманаху “Віцебскі сшытак”. Сьвежы нумар часопіса зьявіўся пасьля 17-гадовага перапынку, але здолеў захаваць пераемнасьць. Галоўнай тэмай “Віцебскага сшытку” №5 сталі шляхецкія рэзыдэнцыі Віцебшчыны. У чацьвер, 23 лістапада, новы альманах прэзэнтавала ў Віцебскай абласной бібліятэцы нязьменная яго рэдактарка Людміла Хмяльніцкая.

Зь сярэдзіны лістапада ў Віцебску актывізаваліся працы па добраўпарадкаваньні цэнтру гораду. Парк імя Фрунзэ ўвесь перарыты. Зруйнаваныя старыя дарожкі і каменныя агароджы. Пракладаюцца камунікацыі, у парку працуюць абліцоўшчыкі. Мы паспрабавалі высьветліць, ці будуць абсталёўвацца пандусамі лесьвічныя спускі да зоны адпачынку.