У Сусьветны дзень свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня, незалежныя віцебскія журналісты раздавалі мінакам спэцвыпуск газэты “Народная Воля”, прысьвечаны гэтай даце. У цэнтры гораду, ля “сіняга дому”, газэту распаўсюджваў вядомы віцебскі дысыдэнт і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Хамайда.

Тры тыдні таму віцябляне Уладзімер Кійко, Яраслаў Кійко і Мікола Качурэц былі аштрафаваныя судом Кастрычніцкага раёну Віцебску на 102 рублі кожны за фатаграфаваньне на Дзень Волі зь бел-чырвона-белым сьцягам (ч.1. арт. 23.34 КаАП РБ). Ня згодныя з такімі рашэньнямі, актывісты абскардзілі іх у абласным судзе.

Як стала вядома, затрыманая 11 красавіка актывістка Надзея Куканос да 29 красавіка ўтрымлівалася ў віцебскім СІЗА №2. У панядзелак яе пад канвоем адвезьлі ў рэспубліканскі цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках для правядзеньня судова-псыхіятрычнай экспэртызы. Пра гэта паведамілі яе паплечнікі па незарэгістраваным аб’яднаньні “За сумленную ўладу”.

29 красавіка ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласьці прайшло слуханьне справы па заяве полацкага актывіста Міколы Шараха аб прызнаньні незаконнымі дзеяньняў чыноўнікаў Полацкага райвыканкаму, якія адмовіліся зарэгістраваць  прыватную ўстанову “Адвакацыя”. Суд стаў на бок грамадзяніна.

Днямі ў Віцебску зь лекцыяй “Як гэта было, ці Станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці ў 90-я” выступіў вядомы беларускі палітоляг, памочнік дэпутаткі Алены Анісім і праваабаронца Міхаіл Мацкевіч. Сустрэча прайшла ў межах адукацыйнага праекту “ОГО” ў Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.

Міністэрства адукацыі адказала на пэтыцыю з патрабаваньнем адстаўкі рэктара ВДУ імя Машэрава Аляксея Ягорава. Аўтары пэтыцыі закідалі Ягораву правядзеньне на Дзень роднай мовы ў падпарадкаваным яму ўнівэрсытэце імпрэзаў, прысьвечаных “родному русскому языку”. Пад зваротам пакінулі подпісы 310 чалавек.

Судовы выканаўца Полацкага аддзелу прымусовага выкананьня Антон Лашкевіч 18 красавіка забараніў Свабоднаму прафсаюзу Беларускаму (СПБ) карыстацца офісам у Полацку – згодна з рашэньнем абласнога эканамічнага суду. Аднак маёмасьць першаснай арганізацыі СПБ працаўнікоў ААТ “Полацак-Шкловалакно” засталася ў офісе, бо ў рашэньні суду яна ніяк ня згадваецца.

Традыцыя пускаць жалобны вянок па Дзьвіне ў Дзень чарнобыльскай трагедыі існавала ў Віцебску больш за 15 гадоў. Сёлета віцебскія вэтэраны Чарнобылю хацелі перадаць гэтую традыцыю маладым і зьвярнуліся па дапамогу ў Віцебскі гарвыканкам. Улады спачатку абнадзеілі, а потым паведамілі, што апускаць вянок нельга – не ўхваляе царква…

Стала вядома, што віцебскія апазыцыйныя камуністы – сябры партыі “Справядлівы сьвет” падалі ў Віцебскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне 9 траўня акцыі-шэсьця “Несьмяротны полк”. Заяўку падтрымалі прадстаўнікі некалькіх недзяржаўных арганізацыяў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску толькі часткова задаволіў пазоўныя патрабаваньні Міколы Качурца, які прасіў спагнаць з Кастрычніцкага РАУС 42 рублі за зьнішчаны ў 2018 годзе бел-чырвона-белы сьцяг. Судзьдзя Алена Савіцкая ацаніла шкоду на 8 рублёў 30 капеек.