21 сьнежня актывісты з Воршы выказалі сваё стаўленьне да «паглыбленай інтэграцыі» з Расейскай Фэдэрацыяй. Чырвонымі літарамі на белых аркушах яны склалі фразу «За незалежнасьць». У акцыі ўзялі ўдзел каля 20 жыхароў Воршы, паведамляе orsha.eu.

Талачынскі раённы аддзел сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу ў дачыненьні 25-гадовага жыхара Талачынскага раёну за «ўхіленьне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» (ч.1 арт. 435 КК РБ). Мужчыне пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебску ў межах праверкі датычнасьці да злачынства, прадугледжанага арт. 189 КК (Абраза), канфіскавалі падчас агляду 17 сьнежня ў віцебскай блогеркі Вольгі Жураўскай усю аргтэхніку. Блогерка сьцьвярджае, што агульная сума адабранага складае ня менш за 7 тыс. даляраў.

16 сьнежня ў «Эўрапейскім клюбе» прайшла сустрэча віцебскіх праваабаронцаў і назіральнікаў з прадстаўніцай сакратарыяту кампаніі «Права выбару» Вольгай Быкоўскай. Удзельнікі падзяліліся сваімі высновамі аб парлямэнцкай кампаніі ды выказалі прапановы на будучыню.

Віцябляніну Аляксею Прохараву паведамілі, што ў дачыненьні да яго распачатая адміністрацыйная справа за правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Пратакол склалі супрацоўнікі аддзяленьня міліцыі Віцебскага раёну.

23 сьнежня адміністрацыя папраўчай калёніі №9 (г. Горкі Магілёўскай вобласьці) зноў зьмесьціць палітвязьня Міхаіла Жамчужнага ў штрафны ізалятар. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку.

У нядзелю 15 сьнежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы прайшла доўгачаканая сустрэча зь беларускім паэтам Алесем Разанавым. Ляўрэата шматлікіх нацыянальных і міжнародных літаратурных прэмій, ганаровага доктара ЭГУ, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Саюзу пісьменьнікаў Літвы Алеся Разанава віталі ў залі гучнымі аплядысмэнтамі.

У пятніцу 13 сьнежня полацкі блогер Алесь Круткін, які адседзеў 15 сутак за рэпост у Фэйсбуку, выйшаў на волю. Міліцыянты адвезьлі яго ў іншы канец гораду – далей ад сяброў, якія чакалі яго вызваленьня каля цэнтральнага РАУС. Выпускаючы Круткіна, вельмі прасілі, каб ягоныя сябры ня ладзілі каля міліцыі «масавых мерапрыемстваў»…

Суд Гарадоцкага раёну прысудзіў 42-гадовую Алену Емяльянаву да прымусовага лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары. Паводле пастановы, яна «замахнулася нажом на службовых асобаў», перашкодзіўшы ім выконваць свае абавязкі (ч.1 арт. 366 КК). Жанчына ня згодная з такім рашэньнем, але да ўдзелу ў судзе яе проста не дапусьцілі…

12 сьнежня суд Віцебскага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні журналістаў-фрылянсэраў Алены Шабуні і Зьмітра Лупача. Іх абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ). Справу разглядала судзьдзя Ганна Ігнаценка.