Праваабаронца Андрэй Бандарэнка паведаміў, што палітвязень Міхаіл Жамчужны пераведзены ў калёнію № 13 у Ваўкавыску.

У полацкага прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Генадзя Бердзянёва міліцыя забрала пляншэт для праверкі прыкмет крымінальнага злачынства. Бердзянёва абвінаваціў іншы прадпрымальнік у публічнай абразе прэзыдэнта ў сацыяльнай сетцы «Аднакласьнікі». 4 траўня заканчваецца тэрмін праверкі міліцыяй наяўнасьці складу злачынства ў дзеяньнях Генадзя.

У Віцебску зьбіраюць подпісы пад зваротам на імя старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Месьцічы просяць губэрнатара дазволіць усталяваць сьвяты крыж на месцы масавых пахаваньняў у лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Гэтае месца ў народзе называюць «віцебскімі Курапатамі».

Скаргу Паўла Левінава на пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Іны Грабоўскай ад 17 красавіка разглядала судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова. Згодна з рашэньнем суду ніжэйшай інстанцыі, праваабаронца прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у масавых мерапрыемствах 25 і 26 сакавіка ды пакараны 15-цю суткамі арышту.

Найбліжэйшым часам у Глыбоцкім раённым судзе адбудзецца разгляд справы грамадзяніна Вялікай Брытаніі Алана Сьміта. Зараз гэта адзіны брытанец ў Беларусі, у дачыненьні да якога расьсьледаваная і адпраўленая ў суд крымінальная справа. Тым ня менш ягоная жонка Магда Валінска ўпэўненая, што Алан ня зьдзейсьніў ніякага злачынства, і верыць у хуткае вызваленьне мужа.

Наваполацкі суд 26 красавіка адмовіў грамадзяніну Зьмітру Салаўёву ў разглядзе ягонай скаргі на рашэньне гарвыканкаму. Зьміцер мяркуе, што рашэньне мясцовай улады пра месца правядзеньня масавых мерапрыемстваў і аплату за іх парушае яго права на мірныя сходы.

Сягоньня, у 31-ю гадавіну трагедыі, жалобны мітынг-рэквіем, як і летась, прайшоў а 18 гадзіне ў сьценах Сьвята-Ўсьпенскага катэдральнага сабору Віцебску. Пасьля афіцыйнага мітынгу ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і прадстаўнікі грамадзкасьці гораду па штогадовай завядзёнцы спусьцілі ў Дзьвіну памінальны вянок.

У сакавіку 2017 году віцебская кааліцыя праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў завяршыла мерапрыемствы па стратэгічным плянаваньні сваёй дзейнасьці да 2020 году. Праваабаронцы распрацавалі і прынялі ў якасьці кіравальнага дакумэнту Стратэгічны плян дзеяньняў і разьвіцьця праваабарончага сэктару Віцебскай вобласьці.

Інфармацыйная праца Свабоднага прафсаюзу беларускага «дэстабілізуе працоўныя адносіны» на заводзе ААТ «Полацак-Шкловалакно». З такой скаргай адміністрацыя прадпрыемства зьвярнулася да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь 4 красавіка на асабістым прыёме міністра ў Полацку.

Рабочыя полацкага заводу «Шкловалакно» накіравалі кіраўніку абласнога УУС памятку для міліцыянтаў аб выконваньні міжнародных стандартаў правоў працоўных на аб'яднаньне ў прафсаюз. Віцебскі абласны начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандар Руколь заявіў, што міліцыянты вывучаюць правілы прымяненьня міжнародных дамоваў і паабяцаў даць адказ пісьмова.